Кіраўнік Рассельгаснагляду адказаў на крытыку з боку Лукашэнкі

Кіраўнік Рассельгаснагляду адказаў на крытыку з боку Лукашэнкі

Рассельгаснагляд пацвярджае свае прэтэнзіі да беларускай малочнай прадукцыі. Пра гэта "Інтэрфаксу" паведаміў кіраўнік расійскага ведамства Сяргей Данкверт.

"Мы адкажам канкрэтнымі дзеяннямі па выяўленні небяспечнай прадукцыі, паколькі паходжанне часткі прадукцыі, якая ўвозіцца ў Расію, нам незразумелае", — заявіў чыноўнік.

Як паведамляла Еўрарадыё, у пятніцу супраць Данкверта выступіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён абвінаваціў расійскага чыноўніка ў беспадстаўных прэтэнзіях да беларускай прадукцыі.

Данкверт паведаміў "Інтэрфаксу", што сёлета за 11 месяцаў Беларусь паставіла ў Расію 790 тысяч тон малочнай прадукцыі. Гэта на 170 тысяч тон больш, чым за аналагічны перыяд 2015 года. Акрамя таго, кажа кіраўнік Рассельгаснагляду, яшчэ 15% прадукцыі пастаўляецца кантрабандай — у абыход кантрольна-прапускных пунктаў.

Па яго словах, невядома, адкуль бярэцца сыравіна для вытворчасці гэтай прадукцыі. Рассельгаснагляд падлічыў, што для таго, каб атрымаць названыя дадатковыя 170 тысяч тон прадукцыі, Беларусі неабходна дадаткова выкарыстаць 450 тысяч тон малака. Між тым, рост вытворчасці малака ў нашай краіне склаў толькі 50 тысяч тон. Беларускія ж калегі не прызнаюцца, адкуль атрымоўваюць сыравіну.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі