Кіроўца маршруткі ехаў на "лысай" гуме і глядзеў у смартфон — Следчы камітэт
На пярэдняй восі мікрааўтобуса была зношаная гума
Сталі вядомыя падрабязнасці аварыі з удзелам маршруткі, якая раніцай 7 лютага адбылася ў Бярэзінскім раёне на аўтатрасе Мінск — Магілёў. Пацярпелі 8 чалавек. Як паведамляе Следчы камітэт, на пярэдняй восі мікрааўтобуса была зношаная гума. Таксама 31-гадовы кіроўца падчас руху зазіраў у смартфон. Пасажыры рабілі яму з-за гэтага заўвагі і нават знялі яго дзеянні на мабільны тэлефон (літаральна за секунды да ДТЗ).
СК адзначае, што летась кіроўца маршруткі быў прызнаны вінаватым у ДТЗ. Таксама яго неаднаразова прыцягвалі да адказнасці "за парушэнні, звязаныя з перавозкай пасажыраў". Цяпер жа мужчына стаў фігурантам крымінальнай справы, распачатай па артыкуле "парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання".
Вадзіцель маршруткі "Быхаў — Магілёў" не справіўся з кіраваннем, калі спрабаваў перайсці з правай паласы руху ў левую. Аўтамабіль занесла, і ён наляцеў на дарожную агароджу. З дзевяці пасажыраў, якія былі ў салоне, шпіталізавалі 8 чалавек. У іх "множныя траўмы рознай ступені цяжкасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.