Кіроўца скраў у бізнэсоўца 8000 долараў і прайграў у казіно
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Барысаўскага РУУС знайшлі злодзея, які скраў вялікую суму грошай у свайго працадаўцы, паведамляе прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама. Праваахоўнікі пачалі крымінальную справу па факце крадзяжу ў асабліва буйным памеры.
Здарэнне адбылося ў красавіку. У міліцыю звярнуўся мясцовы прадпрымальнік. Ён хацеў перадаць сваяку ў Гомель 8000 долараў і папрасіў пра гэта свайго 24-гадовага работніка. Хлопец працаваў у фірме кіроўцам крыху больш за год, бізнэсовец яму давяраў. Малады чалавек паручыўся за дастаўку грошай. Аднак неўзабаве стала вядома, што грошы ў Гомель так і не даехалі, а кіроўца перастаў выходзіць на сувязь.
Спярша бізнэсовец вырашыў, што з кіроўцам нешта здарылася — магчыма, ён трапіў у ДТЗ. Таму ён самастойна праехаў па шляху руху свайго работніка, але не заўважыў ні машыны, ні кіроўцы.
Праз некалькі дзён аўтамабіль знайшоўся ў адным са спальных раёнаў Барысава. Праўда, ні грошай, ні кіроўцы там не было. Не адказваў і мабільны тэлефон хлопца.
Днямі міліцыянты высветлілі, што пасля інцыдэнту малады чалавек хаваўся ў Жодзіне. Яго затрымалі ў зале гульнявых аўтаматаў. Малады чалавек прызнаўся ў злачынстве і расказаў, што спакусіўся на чужыя грошы і вырашыў з'ехаць з Барысава. Аднак далёка з'ехаць не паспеў — крадзеныя грошы ён за два дні спусціў у адным са сталічных казіно.
24-гадовага барысаўчаніна ўзялі пад варту. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.