Кітай адмовіўся спісаць Беларусі 230 мільёнаў долараў за спадарожнік

Кітай адмовіўся спісаць Беларусі 230 мільёнаў долараў за спадарожнік

Беларусь прапанавала Кітаю спісаць доўг у 230 мільёнаў долараў. Гэты доўг утварыўся пасля запуску беларускага спадарожніка "Белінтэрсат-1". 

Спадарожнік быў запушчаны з кітайскага касмадрома ў студзені 2016 года. Рэалізацыя праекта каштавала амаль 300 мільёнаў долараў. Гэта дазволіла ўладам заявіць, што Беларусь стала касмічнай дзяржавай. 

Фінансаваннем праекта займаўся Экспартна-імпартны банк Кітая, які выдаў міжурадавы крэдыт на 258,6 мільёна долараў. Кітайская прамысловая карпарацыя "Вялікая сцяна" вывела на арбіту спадарожнік "Белінтэрсат-1" і стварыла ў пасёлку Станькава Дзяржынскага раёна наземны комплекс кіравання спадарожнікамі ў складзе дзяржпрадпрыемства "Завод дакладнай электрамеханікі".

У сакавіку 2019 года Беларусь высветліла, што праект не акупляецца, бо з'явіліся больш канткурэнтаздольныя спадарожнікі, піша TUT.by. Да таго ж знізіліся цэны на рэсурсы спадарожнікавай сувязі. На акупнасць праекта паўплывала і тое, што кітайская кампанія не змагла завяршыць каардынацыю беларускага спадарожніка са спадарожнікавымі сістэмамі трэціх краін. А гэта ў сваю чаргу не дазволіла ў поўнай меры прапаноўваць рэсурс спадарожніка на рынку сувязі, гаворыцца ў лісце, які падпісаў тагачасны старшыня ўрада Сяргей Румас.

Беларусь на той час пералічыла Кітаю 51,6 мільёна долараў для пагашэння крэдыту. Па словах Румаса, "далейшыя выплаты за кошт сродкаў ад рэалізацыі праекта ажыццяўляцца не могуць". Ён прапанаваў "найбольш аптымальнае ў дадзенай сітуацыі рашэнне": спісаць рэшту доўгу і адсоткі па крэдыце.

Але Кітай адмовіўся спісваць запазычанасць. "Цяпер па даўгах плаціць само прадпрыемства і дапамагае Мінфін Беларусі", — распавялі парталу TUT.by інфармаваныя крыніцы. 

Паводле звестак за першы квартал 2019 года першы беларускі спадарожнік быў загружаны на 35-45%. Замоўцамі выступаюць прадстаўнікі Афрыкі і беларускія сілавыя структуры. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі