"Кітайцы ведаюць, у чым прычына" — Лукашэнка тлумачыў, чаму стала менш мігрантаў

На польска-беларускай мяжы

На польска-беларускай мяжы / x.com/Straz_Graniczna

Аляксандр Лукашэнка вырашыў патлумачыць так званае "змякчэнне міграцыйнай палітыкі ў дачыненні да Польшчы". І зрабіў ён гэта ў чацвер на сустрэчы з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў, якія жывуць у РБ.

"Яны там круцяць-круцяць: "Вось, кітайцы Лукашэнку прымусілі, каб ён змякчыў палітыку ў дачыненні да Польшчы", — гаварыў ён на згаданай сустрэчы. — З Кітаем мы не абмяркоўвалі нават гэтыя тэмы. Ніколі Сі Цзіньпін, ведаючы мяне, ніколі не скажа, што ты там з Польшчай нешта зрабі. Кітайцы разумныя кіраўнікі — і людзі, і спецслужбы. Яны ведаюць, у чым прычына".

І далей Лукашэнка блытана спрабаваў патлумачыць, што адбылося, чаму ўцекачоў, якія з Беларусі прарываюцца ў краіны ЕС, стала менш. "Ну чаго сабачыцца ўвесь час з імі [з Польшчай]? — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Я ўжо кажу: Ну добра, давайце папярэджваць афганцаў... Гэта ж афганцы, іракцы і сірыйцы бягуць. Нават з Афрыкі людзі праз нас спрабуюць у Германію прайсці".

Па словах Лукашэнкі ён нядаўна сустракаўся па гэтым пытанні з дзяржсакратаром Савета бяспекі РБ Аляксандрам Вальфовічам. І даручыў "папярэджваць" уцекачоў, каб яны не ехалі ў РБ у спробах трапіць у ЕС. Іх нібыта палохаюць тым, што на мяжы "заб'юць проста". "Таму стала менш людзей на мяжу ісці", — тлумачыць Аляксандр Лукашэнка.

На той жа сустрэчы Лукашэнка сказаў, што гатовы "хоць заўтра" нармалізаваць дачыненні з Польшчай: "Мяч на іх баку". Пры гэтым абураецца, што Польшча закрыла большасць памежных пераходаў, выстаўляе прэтэнзіі наконт парушэння правоў чалавека ў РБ, патрабуе вызвалення палітвязняў: "Ваша якая справа?". І згадаў палітвязня Анджэя Пачобута, выдумляючы, што Польшча "не хоча яго забіраць".

Як вядома, Захад ускладае адказнасць за міграцыйны крызіс на межах РБ і краін ЕС на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Мяркуецца, што ён быў арганізаваны сумесна з Расіяй. І ў такім выпадку "змякчыць міграцыйную палітыку" Лукашэнка без узгаднення з Масквой не мог.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі