Першую за два гады харчовую перадачу прынялі для палітвязня Уладзіміра Гундара

Уладзімір Гундар

Уладзімір Гундар / svaboda.org

Палітвязень Уладзімір Гундар атрымаў прадуктовую перадачу ўпершыню за амаль два гады. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода са сваіх крыніц са спасылкай на сваякоў палітзняволенага.

"Будзе яму крыху садавіны і гародніны, каб падмацавацца. Але пісаў, што даўно прызвычаіўся да турэмнай ежы", — паведаміла крыніца.

Апошнія паўтара года Гундара трымаюць на турэмным рэжыме ў Магілёве. Яго пазбавілі спатканняў і прадуктовых перадач, але невядома, з якой прычыны. Кантакт з палітвязнем магчымы толькі праз ліставанне і тэлефонныя званкі. Апошні ліст ад яго прыходзіў у сакавіку.

Крыніца кажа, што Гундар не скардзіцца на здароўе, але мае сумны настрой, бо не верыць у хуткія перамены.

Вядома, што ў зняволенні Уладзімір Гундар працягвае пісаць вершы і шмат чытае. Таксама яму дазволеныя прагулкі. У палітвязня няма адной нагі вышэй за калена, на прагулкі ён выходзіць на мыліцах.

64-гадовы краязнаўца з Баранавічаў Уладзімір Гундар — інвалід другой групы. У СІЗА ён часткова страціў слых на адно вуха, пазней слых аднавіўся, але вязню дагэтуль трэба прымаць лекі. У мужчыны павышаны ціск, за кратамі ён перанёс гіпертанічны крыз.

У 2022 годзе Гундара, ужо асуджанага на два гады за напад на міліцыянта, асудзілі яшчэ на 18 гадоў. Ён быў адным з фігурантаў "справы Аўтуховіча". У студзені 2023-га яму прысудзілі яшчэ два з паловай гады за абразу супрацоўніцы пракуратуры. Частковым складаннем пакаранняў канчаткова палітвязню прысудзілі 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі