Класкоўскі: Пасланне адчэпнае, бо зваротная сувязь сёння не патрэбная
На думку палітычнага аналітыка, гэтае пасланне сведчыць, што ў кіраўніцтва Беларусі няма ніякай стратэгіі.
Пасланне Аляксандра Лукашэнкі да народу і Нацыянальнага сходу было поўным банальных рэчаў. Стала відавочна, што перанос паслання быў тэхнічны. А само пасланне атрымалася даволі слабым у параўнанні з мінулымі зваротамі кіраўніка краіны да народа і дэпутатаў. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
Класкоўскі: “Пасланне, як кажуць у народзе, адчэпнае. Сёння ўлада не мае патрэбы у зваротнай сувязі. Рэжым забранзавеў, усё схоплена і пад каўпаком. Але ў канстытуцыі прапісана і даводзіцца рабіць. Таму і стаўленне такое. Ён падкрэсліў, што будуць іншыя дакументы, а тут абмяркуем рабочыя пытанні. Гэтым маскіруецца тое, што фактычна ў сённяшняга кіраўніцтва Беларусі няма ніякай стратэгіі”.
І сапраўды ў пасланні не было нейкіх важных пасылаў. Шмат тэмаў Лукашэнка ўвогуле абмінуў. Адзначыў, што да выбараў не будуць павышаць камуналку, але гэта мера часовая, і потым яна можа рэзка вырасці. Кіраўнік дзяржавы загадаў дабрасумленна працаваць, нараджаць дзяцей і меней піць.
“Гэта такі набор банальнасцяў, — кажа Аляксандр Класкоўскі. — Калі адкінуць грубаваты говар, з якім ён троліў асобных чыноўнікаў, то ў сухой астачы толькі набор банальнасцяў і нічога новага, ніякай перспектывы і размоваў пра рэформы. Ён гаворыць, што трэба меней кантролю над эканомікай і тут жа перакрэслівае — усе цэны ў нас ад прэм’ера Кабякова і мы можам усё кантраляваць”.
Фота: svaboda.org