Кнігарня “логвінаЎ” зноў адчынілася пасля праверкі
Пячатка з дзвярэй крамы знятая, а супрацоўнікі прыводзяць памяшканне ў парадак.
Дырэктар кнігарні Ігар Логвінаў, аднак, чакае штрафаў. “Будзе пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні — за парушэнні ў вядзенні кнігі заўваг і прапаноў і, галоўнае, за гандаль кнігамі без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі”, — паведаміў Логвінаў “Нашай Ніве”.
Па яго словах, пакуль на руках пратакола няма, таму ён не ведае, якім дакладна будзе пакаранне.
Ігар Логвінаў адзначыў, што за год восем разоў звяртаўся ў Мінінфарм па ліцэнзію. І кожны раз яму адмаўлялі.
Праверку кнігарні праводзіць падатковая інспекцыя Цэнтральнага раёна Мінска.
Летась Міністэрства інфармацыі забрала ў выдавецтва “Логвінаў” выдавецкую ліцэнзію за выпуск альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”. Альбом прызналі нібыта экстрэмісцкім.
Кнігарня “логвінаЎ” з’яўляецца месцам шматлікіх кніжных прэзентацый і значнай культурнай пляцоўкай.