Коктыш: Беларускім уладам тэрмінова трэба знайсці адказнага за крызіс!

У нядзелю беларускае тэлебачанне “абрынулася” з крытыкай на расійскія ўлады. Маўляў, неафіцыйныя заявы Крамля наконт таго, што Аляксандра Лукашэнку запрашалі адзначыць 70-я ўгодкі Вялікай Айчыннай вайны ў Маскве, — гэта не больш, чым "крывадушнасць". А вось Дзмітрый Мядзведзеў не паехаў у Брэст на ўрачыстыя мерапрыемствы свядома — нібыта "яму сорамна глядзець у вочы ветэранам"...

Пра тое, чым чаму беларускае тэлебачанне менавіта зараз — і так своеасабліва вырашыла адказаць расійскім медыям, якія апошнім часам не саромеючыся крытыкуюць дзеянні урада Міхаіла Мясніковіча, Еўрарадыё запыталася ў расійскага палітолага Кірыла Коктыша.

Кірыл Коктыш: Гэты інфармацыйны выпад мае ўнутранага адрасата. Беларускім уладам тэрмінова трэба пераканаць грамадства, што яго (грамадства) абурэнне мае вонкавую прыроду. Што гэта яно не само па сабе абураецца, а пад уплывам знешніх тэхналогіяў, якія ўжываюць для ўздзеяння на беларусаў. Бо прызнацца, што грамадства не задаволена ўладай так, як гэта ёсць, прызнацца ў тым, што тыя эканамічныя праблемы, якія ёсць — гэта адказнасць для беларускай улады. Сёння для яе гэта проста немагчыма.

Еўрарадыё: Чаму ў той сітуацыі, якая склалася паміж нашымі краінамі, ні Мядзведзеў не паехаў да Лукашэнкі, ні Лукашэнка — да Мядзведзева?

Кірыл Коктыш: Я не чуў, каб такія візіты ўвогуле планаваліся. Мне здаецца, што гэта крыху штучна створаная інфармацыйная нагода, што адзін да аднаго не паехаў. Бо ў Расіі гэтая дата — 22 чэрвеня — асабліва не адзначаецца, ды і ў Беларусі ніколі гэтая дата такой “чырвонай” не была. Сумны дзень, сумныя ўгодкі, але не больш за тое.

Еўрарадыё: Гэтая інфармацыйная вайна паміж Беларуссю і Расеяй — надуманае паняцце?

Кірыла Коктыш: Не, менавіта супрацьстаянне вакол 22 чэрвеня 2011 года. Беларускім уладам тэрмінова трэба знайсці знешняга ворага, на якога можна ўскласці адказнасць за эканамічны крызіс, за недавер людзей да беларускага рубля і многія іншыя праблемы. Бо інакш, як не круці, адказная будзе беларуская ўлада. А ўзяць гэтую адказнасць сёння, яна пакуль не гатова. Вы ж чулі, што Мясніковіч у тым жа Санкт-Пецярбургу заявіў, што ніякага крызісу ў Беларусі няма. Але далёка не ўсе ў Беларусі з гэтым згодныя. Мне здаецца, крызіс ёсць і большая частка насельніцтва, збяднеўшы пасля дэвальвацыі, ужо далёка не так трывала ўпэўненая ў тым, што ніякага крызісу няма. Таму і патрэбны знешні вораг, адказны за ўсе тыя негатыўныя здарэнні, якія зараз адбываюцца ў Беларусі. Бо сказаць, што гэта ўлада адказная, што гэта эканамічная палітыка, якая праводзілася дагэтуль, стала прычынай – гэта ніяк немагчыма для сённяшняй беларускай улады. Усё відавочна: трэба зрабіць ворага або з Еўропы або з Расіі — і так ці інакш легітымаваць дзеянні па закручванні гаек.

Еўрарадыё: Але пасля такіх абвінавачванняў Крамля ва ўсіх праблемах, ці Крэмль будзе гатовы забыцца на іх? Ці ўсё ж беларускі бок будзе вымушаны “прасіць прабачэнне”?

Кірыл Коктыш: Гэта ўсё ўжо зайшло куды далей... Нармалёвае супрацоўніцтва прыпынілася ў 2006, калі Расія пачала будаваць абхадныя газа- і нафтапровады вакол Беларусі. Гэта сведчыла пра тое, што далёка не ўсё нармалёва ў адносінах. Што ўзровень адносінаў крытычна нізкі. І вось, адносіны як сапсаваліся ў 2006 годзе, так і захаваліся. Пакуль Масква адначасова і падтрымлівае адносіны з Мінскам, і прадухіляе фінансава нейкую маштабную дэстабілізацыю. Чаму? Адзін з адказаў — бо ў гэтым годзе праз беларускую тэрыторыяю яшчэ адбываецца транзіт расійскіх вуглевадародаў. Нешта на 100-120 мільярдаў долараў... Але ў верасні гэтага года будзе запушчаная БТС-2, якая дазволіць пусціць нафту вакол Беларусі. Пачне працаваць “Паўночная плынь”, якая забярэ частку аб’ёму беларускага газу. І гэта залежнасць Расіі ад Беларусі прыпыніцца. Масква насамрэч перастане быць залежна ад Мінска. Пагядзім тады, якія адносіны будуць будавацца пры новым раскладзе.

Еўрарадыё: Ці могуць адносіны паміж Мінскам і Масквой у перспектыве зрабіцца лепшымі?

Кірыл Коктыш: Суседзі не проста пасварыліся, а пабудавалі моцны плот, пабудавалі розныя дарогі, каб толькі не хадзіць па адной дарозе адно з адным. Будзе толькі больш жорстка. Хто зацікаўлены ў тым, каб гэтыя адносіны былі нармальныя? Сёння гэта жыццёва неабходна для Мінска, але гэта не з’яўляецца такой жыццёвай неабходнасцю для Масквы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі