Колішні кіраўнік прэс-службы Лукашэнкі атрымаў прызначэнне ў Кітай

Колішні кіраўнік прэс-службы Лукашэнкі атрымаў прызначэнне ў Кітай

Колішні кіраўнік прэс-службы Лукашэнкі Андрэй Папоў атрымаў прызначэнне ў Кітай. У бліжэйшы час ён будзе генеральным консулам Беларусі ў горадзе Гуанчжоу.

Андрэй Папоў працуе ў структуры Міністэрства замежных справаў — займае пасаду старшага саветніка аддзела Азіі, Аўстраліі і Акіяніі галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі ведамства. Яго перавод у Кітай ужо ўзгоднены кіраўніком дзяржавы.

Генеральнае консульства Беларусі ў Гуанчжоў адкрытае ў лістападзе 2018 года, на два гады пазней за запланаваны тэрмін. Пастанову Савета міністраў пра гэта ў верасні 2016 года падпісаў яшчэ тагачасны прэм’ер Андрэй Кабякоў.

Да Папова генеральным консулам Беларусі ў Гуанчжоў быў Леанід Бацяноўскі. Ён таксама атрымаў гэтае прызначэнне пасля працы ў адным з упраўленняў МЗС.

Папоў узначальваў прэс-службу Аляксандра Лукашэнкі ў 2014-2016 гадах, на гэты час прыпалі адны прэзідэнцкія выбары — у кастрычніку 2015 года. З 2010 па 2014 дыпламат займаў пасаду намесніка пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. У 2006-2010 гадах працаваў прэс-сакратаром МЗС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі