Колькасць пустуючых дамоў у ЕС амаль утрая перавышае колькасць бяздомных

Выданне The Guardian налічыла 11 мільёнаў пустых дамоў у Еўропе. Краіны-лідары па колькасці вольнага жылля: Іспанія (3,4 млн аб’ектаў), Італія (2-2,7 млн), Францыя (2,4 млн) і Германія (1,8 млн).

The Guardian: “Многія дамы знаходзяцца ў курортных зонах, іх пабудавалі падчас ліхаманкавага жыллёвага буму перад крызісам 2007-2008, і яны ніколі не засяляліся. Шмат дамоў набываліся ў якасці інвестыцыі, а сотні тысяч недабудаваных будынкаў былі зруйнаваныя, каб замацаваць кошты на існуючыя аб’екты”.

Цікава, што ў Іспаніі, якая больш за ўсё пацярпела ад крызісу, значную частку новых дамоў разлічвалі “экспартаваць” нямецкім і брытанскім пакупнікам. Але, як узгадваецца вышэй, крызіс сапсаваў бізнес-планы.

У Беларусі таксама за апошнія гады адбыўся свой “будаўнічы крызіс”. У 2011 годзе аб’ёмы будоўлі ў Мінску ўпалі амаль удвая. Але цяпер ужо аднаўляюцца да прывычнага “мільёна квадратаў” у год, адзначае дырэктар агенцтва нерухомасці “БелЦТН” Мікалай Прасталупаў. Калі ж казаць пра пустуючае жыллё ў Беларусі, то яно ёсць, але хіба што ў сельскай мясцовасці.

Мікалай Прасталупаў: “У нас у забудоўшчыкаў ёсць кватэры, якія гадамі не раскупляюцца. Гэта, безумоўна, датычыцца дарагога сегменту. А ў вёсках такіх запушчаных жылых дамоў даволі шмат. Лік ідзе на тысячы, гэта адназначна”.

Спецыяліст па аперацыях з нерухомасцю агенцтва “Квадратны метр” Юрый Валошын сумняваецца, што беларуская афіцыйная статыстыка калі-небудзь падлічыць пустуючыя дамы. У Мінску і ваколіцах знайсці такія складана, а вось па краіне такіх, безумоўна, хапае.

Юрый Валошын: “Калі ў нас шмат выміраючых вёсак, дамоў, напэўна, ёсць і куча пустуючага жылля. Толькі ў Еўропе пустуюць з-за крызісу, у Іспаніі, можа, там недзе катэджы на беразе мора. У нас пустуюць з-за таго, што людзі выязджаюць з калгасаў і вёсак, а там з-за таго, што не могуць прадаць, бо ў людзей няма грошай. Гэта нават нельга параўнаць”.

Дык што рабіць з дамамі, у якіх ніхто не жыве? Некаторыя здзіўляюцца і заўважаюць цікавую рэч: колькасць  закінутых дамоў амаль утрая перавышае колькасць бяздомных у Еўропе — 4,1 мільёна чалавек.

А вось у Дэтройце, здаецца, прыдумалі, як вырашыць праблему. Па закінутых будынках водзяць экскурсіі, піша Los Angeles Times. Кошт квіткоў — 45$ за тры гадзіны. У партугальскім Порту, дзе карыстаюцца папулярнасцю “крызісныя туры”, мясцовыя музыкі наўпрост рэпетуюць у закінутых крамах гандлёвых цэнтраў. У той час як у Германіі адраджаюць закінутыя вёскі, ператвараючы іх у экалагічна чыстыя і энерганезалежныя населеныя пункты. 

Фота: AP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі