Колькасць заражаных каранавірусам у свеце перавысіла 700 тысяч
Колькасць заражаных каранавірусам у свеце складае больш за 722 тысячы (найбольш у ЗША — 142,5 тысячы, у Беларусі — 94 выпадкі). Памерлі 34 тысячы чалавек (у Італіі — 10 779). Найбольш складаная сітуацыя захоўваецца на поўдні Еўропы і ў ЗША. Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп, які яшчэ нядаўна гаварыў пра магчымае адкрыццё краіны да Вялікадня, у нядзелю працягнуў абмежавальныя меры па барацьбе з каранавірусам да 30 красавіка. У Злучаных Штатах ужо памерлі больш за дзве тысячы чалавек. Трамп мяркуе, што піка смяротнасці трэба чакаць праз два тыдні. Эксперты прагназуюць, што ў ЗША могуць памерці ад 100 да 200 тысяч чалавек, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
З 30 сакавіка на каранціне апынулася Масква. Яе жыхары змогуць выходзіць на вуліцу толькі для таго, каб патрапіць на працу, схадзіць у аптэку, у бліжэйшую краму па прадукты ці пагуляць каля дома з сабакам. У Расіі для спынення распаўсюду каранавіруснай інфекцыі COVID-19 аб'яўлены непрацоўны тыдзень, які заканчваецца 5 красавіка.
А вось улады Кітая аб'явілі, што яны змаглі спыніць эпідэмію каранавіруса ў сваёй краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.