Колькасць жанчын, пацярпелых у навагоднюю ноч у Кёльне, вырасла да 516

Колькасць жанчын, пацярпелых у навагоднюю ноч у Кёльне, вырасла да 516

Жыхары нямецкага Кёльна як мінімум двойчы за мінулую нядзелю нападалі на мігрантаў з Азіі. Пацярпелі тры чалавекі, дваіх на кароткі час нават шпіталізавалі. Паводле інфармацыі мясцовай газеты Express, “паляванне на людзей” арганізавалі мясцовыя нефармалы, якія сабраліся з дапамогай сацыяльных сетак.

Тым часам паліцыя абвясціла, што колькасць пацярпелых жанчын у навагоднюю ноч у Кёльне вырасла да 516. 40% злачынстваў звязаныя з сэксуальнымі дамаганнямі. Ужо арыштавана 30 чалавек, 18 з якіх мелі статус кандыдатаў на атрыманне прытулку, што яшчэ больш негатыўна адбілася на стаўленні гараджан да мігрантаў. Масла ў агонь падліваюць і ўсё новыя звесткі пра сэксуальныя напады. Яны адбыліся ў Лейпцыгу і Гамбургу.

Віцэ-канцлер Германіі Зігмар Габрыэль заявіў, што ўрад краіны збіраецца абмежаваць права мігрантаў выбіраць месца жыхарства.

“Я думаю, мы мусім увесці абмежаванні ў праве на выбар месца жыхарства для мігрантаў. У адваротным выпадку ўсе гэтыя людзі, у тым ліку і тыя, хто атрымаў статус бежанца, накіруюцца ў вялікія гарады. Гэта прывядзе да далейшых цяжкасцяў, і мы атрымаем сапраўдныя праблемы гета”, — выказаў занепакоенасць палітык.

Яшчэ раней канцлер ФРГ Ангела Меркель прапанавала аблегчыць працэдуру дэпартацыі мігрантаў, якія здзейснілі злачынства.

“Калі здзяйсняюцца злачынствы і людзі ставяць сябе па-за законам, гэта павінна прыводзіць да наступстваў”, — заявіла Меркель журналістам пасля сустрэчы з кіраўніцтвам сваёй партыі.

Як мяркуецца, гэтыя меры мусяць спыніць хвалю гвалту з боку мігрантаў. Што стала прычынай нападаў выхадцаў з Бліжняга Усходу на жанчын, следства высвятляе дагэтуль.

Галоўнае фота: Xposure

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі