Парыс і Алена Траянская перажылі вывяржэнне вулкана — #ІхНоравы
#ІхНоравы
Вы гадаеце, пра што Лукашэнка гаварыў з Пуціным і ці пачнецца новая вайна? Адцягнем вас ад гэтых думак навінамі пра тое, што проста цяпер адбываецца ў Еўропе і ў свеце наогул.
Восем гадзін славы
Сам сябе не пахваліш — ніхто не пахваліць, вырашыў супрацоўнік мюнхенскай мастацкай галерэі і павесіў сваю працу ў экспазіцыю. Супрацоўнік тэхнічнага аддзела галерэі размясціў сваю карціну ў адной секцыі з Эндзі Уорхалам — на пустой белай сцяне ў калідоры.
Іншыя супрацоўнікі музея хутка гэта заўважылі, але маўчалі да закрыцця. А потым... звольнілі мужчыну, выпусціўшы вельмі напышлівую заяву для журналістаў:
"Супрацоўнік лічыць сябе мастаком і, хутчэй за ўсё, разглядаў сваю ролю ў мантажнай камандзе музея як паўсядзённую працу, скіраваную на падтрымку свайго сапраўднага паклікання", — расказаў Guardian прадстаўнік галерэі.
Асабіста нам вынаходлівасць мастака падабаецца больш, чым пурытанства галерэі. І, здаецца, Уорхалу б таксама спадабалася!
Еўропа закрывае дзверы
Пасля міграцыйнага крызісу, які разгарнуўся ў Еўропе ў 2015 годзе, ЕС шукаў спосабы ўзмацніць кантроль за сваімі межамі. Тады ў Стары Свет прыехала каля 1,3 мільёна чалавек — у асноўным гэта былі сірыйскія ўцекачы.
І нарэшце ў міграцыйнае заканадаўства ЕС унеслі змены.
Цяпер на межах блока ўзвядуць памежныя цэнтры, дзе людзей будуць трымаць на час разгляду іх запытаў наконт прытулку. А працэс дэпартацыі паскораць. Пакт, які прынялі еўрадэпутаты, таксама запатрабуе ад еўрапейскіх краін салідарнасці. Гэта значыць, што дзяржавы — сябры ЕС мусяць будуць альбо прыняць тысячы просьбітаў прытулку з Італіі і Грэцыі (у гэтыя краіны прыбыло больш за ўсё бежанцаў) — альбо дапамагчы ім матэрыяльна.
#NationalPetDay A newly discovered fresco from Region 9 Pompeii. Paris kidnaps Helen thus starting the Trojan War, his dog by his side who looks a bit unsure about the whole thing... what a good boi!
— Elizabeth Saint C (@esaintc) April 11, 2024
Pompeii: The New Dig on TV Monday 15 April BBC Two in partnership with the #OU pic.twitter.com/KHISVjKMDc
Пампеі былі пахаваныя ў лаве і попеле вулкана Везувій у 79 годзе нашай эры. Катастрофу, у якой не змаглі выжыць людзі, перажыла культура Рымскай імперыі. Фактычна горад стаў галоўным у свеце акенцам, праз якое можна зазірнуць у тую эпоху.
Гэта вам не ЦУМ
З універмага ў Токіа скралі кубак. Нібыта не такая і вялікая бяда, вось толькі ён каштаваў каля 60 тысяч еўра.
Кубак зрабілі з чыстага 24-каратнага золата. Ва ўнівермагу ён з'явіўся ў рамках выставы, на якой прадаваліся залатыя вырабы.
Каб кліенты маглі лепш разгледзець кубак, яго змясцілі ў незамкнутую празрыстую скрынку. Можна было лёгка дастаць яго і вывучыць больш уважліва.
Мужчына, якога падазраюць у крадзяжы, трапіў на відэа. На камерах застаўся момант, калі ён хавае кубак у торбу — і знікае ў натоўпе.
Акрамя кубка на выставе была яшчэ тысяча залатых прадметаў, але выкрадальнікі ведалі, куды глядзець, і скралі адзін з самых дарагіх.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.