Колькі грошай прынеслі акцыі Галіне Лукашэнка?

За год на акцыях беларускага “фамільнага срэбра” нельга зарабіць нават на праезд у гарадскім аўтобусе. Старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына аддала свае акцыі Бабруйскага гармалзавода і скуркамбіната сваякам. Жонка Аляксандра Лукашэнкі Галіна Радзівонаўна перадала акцыі Шклоўскага маслазавода дзяржаве.
Шкадаваць ім аб гэтых рашэннях наўрад ці давялося. Прадпрыемствы ўсё роўна не выплачваюць дывідэндаў па акцыях.

Аб прычынах сітуацыі гаворыць бухгалтар Шклоўскага маслазавода Алена Паланкова:

“Сёлета ў нас няма дывідэндаў, таму што, згодна з разлікамі па пастанове прэзідэнта, у нас не атрымліваецца даваць грошы ні дзяржаве, ні нам. У нас прыбытку чыстага атрымалася 50 мільёнаў… ну, 100 мільёнаў. А абсталявання мы за кошт нашых крыніцаў набылі на 200 мільёнаў. Летась выплачвалі. 100 рублёў на акцыю было”.

100 рублёў на акцыю — яшчэ не найгоршы варыянт. “Палімір”, да прыкладу, выплачвае крыху менш, чым 30 рублёў за акцыю. У кожнага працаўніка заводу, які з’яўляецца акцыянерам, прыкладна па 10 акцый. То бок, у канцы году за дывідэнды акцыянер не зможа дазволіць сабе нават праехаць у грамадскім транспарце ці купіць пакунак запалак.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод бярэ па мінімуме: 1 рубель за адну акцыю. Шкада, што ў нашай краіне няма капеек. Чаму так мала за “фамільнае срэбра”? На прадпрыемстве кажуць: так вырашылі самі акцыянеры на агульным сходзе.

Эканаміст Леанід Злотнікаў падзяліўся з Еўрапейскім радыё сваім бачаннем праблемы:

“У нас мала такіх прадпрыемстваў, у якіх ёсць дастатковыя прыбыткі, каб выплачваць дывідэнды. Яны павінны адкласці грошы на мадэрнізацыю вытворчасці, а потым ужо — дывідэнды. Вось у іх не хапае сродкаў нават на тое, каб гэта абсталяванне памяняць. На Захадзе нармальна, калі на акцыю будзе дывідэнд у памеры 10 адсоткаў. Таксама не вельмі вялікі. 5-15 адсоткаў на акцыю — гэта нармальна”.

Загадчык аддзела ідэалогіі “Нафтана” Мікалай Калбасенка сітуацыю са сваімі дывідэндамі не лічыць нармальнай, хоць і адмовіўся назваць дакладную лічбу. Аднак сказаў, што дывідэндамі ім хваліцца не выпадае.

Што тычыцца “Паліміру”, то каля 99 адсоткаў акцыяў прадпрыемства належыць дзяржаве, яна і замаўляе музыку. Гаворыць бухгалтар завода Юлія Гарохава:

“Дзяржаўная палітыка існуе. І памер дывідэндаў разлічваецца па формуле ў залежнасці ад рэнтабельнасці прадпрыемства за мінулы перыяд. Увесь пакет нашага працоўнага калектыву складае менш за працэнт. Ён удзельнічае ў прыняцці рашэнняў, але ж вы разумееце, што, каб прымаць рашэнні, у адпаведнасці з заканадаўствам дзесьці трэба 2/3, дзесьці — больш за 50 адсоткаў акцыяў мець. Вядома ж, калі ў дзяржавы вялікі пакет, яна і вызначае рашэнні”.

І калі на рашэнні па працы прадпрымества работнікі з такой доляй акцый уплываць не могуць, навошта тады гэты галаўны боль? Сакратар Мазырскага НПЗ Галіна Карэснікава прапануе наступнае выйсце:

“Ну, дык чалавек жа можа пазбавіцца ад гэтых акцыяў, калі ёсць жаданне”.

Вось Галіна Лукашэнка і Лідзія Ярмошына рэалізавалі гэтае жаданне, пазбавіўшыся ад сваіх акцыяў.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі