Коммерсант: Расія можа падтрымаць улады Беларусі павелічэннем закупак паліва
Расія можа падтрымаць улады Беларусі павелічэннем закупак паліва, якія ў апошнія гады былі мінімальныя (за выключэннем 2020 года), піша расійская газета "Коммерсант", якая спасылаецца на свае крыніцы. "Сэнс меры ў тым, каб дапамагчы беларускай нафтаперапрацоўцы на фоне санкцый ЕС і страты ўкраінскага рынку, — адзначае выданне. — Цяпер расійскія ўлады абмяркоўваюць, як даць беларускім НПЗ дэмпфер [істотныя субсідыі за пастаўкі паліва на ўнутраны рынак РФ], бо без гэтых выплат пастаўкі ў РФ будуць для іх стратнымі. Калі дэмпфер распаўсюдзіцца на ўвесь аб'ём ранейшага экспарту Беларусі ва Украіну, аб'ём падтрымкі можа скласці больш за 60 млрд рублёў за год [мільярд долараў]".
Імпарт бензіна і дызельнага паліва з Беларусі "актыўна абмяркоўваюць" Мінэнерга і Мінфін Расіі. Па дэмпферы пакуль рашэння няма. Верагодна, Беларусь зможа атрымаць дэмпфер з дапамогай трэйдынгавай кампаніі, зарэгістраванай у РФ. Магчымы і іншыя варыянты, напрыклад, падпісанне міждзяржаўнага пагаднення ці прыняццё нарматыўна-прававых актаў на ўзроўні прэзідэнта ці ўраду.
"Коммерсант" не змог атрымаць афіцыйныя каментары і ў расійскіх міністэрствах, і ў Мінэнерга РБ і ў "Белнафтахіме".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.