Коратка — што зменіцца пасля дэкрэта Лукашэнкі “аб укладах”

Коратка — што зменіцца пасля дэкрэта Лукашэнкі “аб укладах”

Усё не так страшна, як можна падумаць, але прыемнага таксама мала.

 

Як было і як будзе

Да 12 лістапада класці грошы ў беларускія банкі пад працэнты можна было адносна спакойна, асабліва долары ці еўра. Не вярнуць іх па першым патрабаванні банк проста не мог — максімум, пацягнуць гуму пяць дзён ці пакінуць кліента без працэнтаў (альбо выплаціць іх часткова). То бок, паклаўшы 10 тысяч долараў на тры гады, іх можна было забраць з банка нават праз тыдзень. Тое самае з рублямі. Банкі не мелі права не аддаць грошы, і ўсё.

Пасля 12 лістапада сітуацыя змяняецца карэнным чынам. Абсалютна ўсе ўклады ў беларускіх банках будуць падзеленыя на дзве часткі — тыя, якія можна забраць у любы момант, і тыя, якія нельга. Верагодна, у другім выпадку банкі будуць прапаноўваць большы працэнт і ўвогуле для іх (і для дзяржавы) прыемней, калі можна працаваць без капрызаў кліентаў. Пытанне, наколькі гэта прыемна для людзей. Ад думкі, што нехта можа проста не аддаць табе твае ж грошы, жадання несці іх у банк не паболее. Хутчэй, зусім наадварот.

 

Што з працэнтамі

Калі коратка, халява скончылася. Да падпісання новага дэкрэта у Беларусі не трэба было плаціць падатак з прыбыткаў, атрыманых па ўкладах. То бок, калі з дэпазіта нешта “капала” на рахунак, пра гэта ў падатковую паведамляць было зусім не абавязкова. Пачынаючы з 1 красавіка 2016 года прыбыткі, атрыманыя па ўкладах (і валютных, і рублёвых) будуць абкладацца 13% падаткам. Выключэнне — доўгатэрміновыя уклады: 2 гады для валютных і 1 год для рублёвых. То бок калі вы 2 красавіка 2016 года прынесяце ў беларускі банк 10 тысяч еўра на год пад 5%, то 2 красавіка 2017 можаце мець з гэтай сумы 500 еўра прыбытку, з якога 65 еўра давядзецца аддаць дзяржаве. Плюс — у падатковую ісці не давядзецца, банкі абавяжуць самастойна ўсё лічыць і аддаваць у бюджэт. Але ўсё адно непрыемна. Хочаце зарабіць больш — кладзіце грошы мінімум на два гады. Калі з валютай яшчэ цярпіма, то несці ў банк беларускія рублі на такія вялікія тэрміны пакуль наважыцца не кожны.

 

Што рабіць, калі ўклад ужо ёсць

Расслабіцца. Зваротнай сілы дэкрэт з аптымістычнай назвай “Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)” нібыта не мае. А значыць, банкі не змогуць перапісаць заключаныя з вамі да 12 лістапада 2015 года дамовы. Праўда, толькі да моманту, калі вы захочаце папоўніць свой уклад. Захаваць яго на ранейшых умовах ў такім выпадку не атрымаецца — давядзецца і падатак плаціць, і ўсё іншае новае выконваць.

 

Навошта ўсё гэта

У тлумачэннях Нацыянальнага банка гаворыцца, што ўвесь шум праз жаданне стварыць у краіне “доўгатэрміновую рэсурсную базу і больш эфектыўнае яе выкарыстанне, у тым ліку за кошт павышэння даступнасці крэдытаў для суб'ектаў гаспадарання і насельніцтва”. Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што дзяржава такім чынам хоча пазбыцца кароткатэрміновых укладаў: “Для кароткіх укладаў працэнтная стаўка будзе на 13% ніжэйшай. Выгаду атрымлівае бюджэт, банк усё адно будзе выплачваць грошы па ўкладзе. Прасцей было б проста панізіць працэнтную стаўку, і банкам было б лепш. А так, банкам лепш не становіцца, толькі бюджету. Задача, каб кароткатэрміновых укладаў стала менш".

У выніку, калі моцна спрасціць, то атрымаецца наступная карціна: банкі застаюцца пры сваім, людзі зарабляюць менш, дзяржава атрымлівае больш.

 

Фота ivankmit.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі