Гарачая лінія міністэрства па падатках перастала каментаваць дэкрэт № 7
“Што рабіць з дэпазітамі пасля Дэкрэта №7?” — такое пытанне людзі задаюць у банках, куды прыходзяць за ўкладамі, на шматлікіх форумах у інтэрнэце, у грамадскім транспарце.
Еўрарадыё вырашыла пашукаць варыянты захоўвання грошай. Самы відавочны – “гарачыя дэпазіты”. Гэта варыянт № 1. Іх прыбралі не ва ўсіх банках. Можна лавіць момант.
“Вы можаце пакласці грошы на кароткатэрміновы ўклад, ён скончыцца да 1 красавіка. Няма дэпазіту, няма падатку!” — прапаноўваюць мне, як кліентку ў “Беларусбанку”.
Да даты Х, 1 красавіка, калі набывае моц частка дэкрэта пра падаткаабкладанне, застаецца 137 дзён, з кожным днём часу меней. Яшчэ можна зрабіць уклад на 95 дзён і мець выгаду. 10 мільёнаў рублёў дадуць прыбытак у 600 тысяч рублёў у “Беларубанку”, ці амаль сотню з 10 тысяч долараў у “Прыёрбанку”.
Дарэчы, як заўважаюць у філіяле “Беларусбанка” у Ганцавічах народ нечакана панёс грошы на безадзыўныя ўклады. Бо там працэнты вышэйшыя.
“Пачалі пераафармляць свае уклады, але зразумела, гэта тыя, каму грошы не патрэбныя вось цяпер”, — кажуць у Ганцавічах. Беларусы такія беларусы…
Варыянт № 2. Завесці ашчадную картку. Ашчаднай карткай можна карыстацца як для аплаты розных пакупак, так і для зберагання і збірання грошай. Працэнты па картцы залежаць ад вашай сумы на пластыку, а тэрмін яе дзеяння вагаецца ад года да пяці гадоў. Да прыкладу, “Белаграпрамбанк” прапаноўвае ад 5 да 25% пры захоўванні ў рублях і ад 1 да 4% — на дэпазіт у валюце.
“Пакуль ніякіх тлумачэнняў наконт картак у нас не было, таму вы можаце размясціць грошы а потым іх забраць і закрыць банкаўскі рахунак да 1 красавіка 2016 года. У Дэкрэце №7 нічога пра карткі не сказана”, — разважаюць у філіяле банка.
Пры гэтым першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны кажа, што такія банкаўскія карткі, дзе грошы захоўваюцца і накапляюцца з працэнтамі, будуць абкладацца падаткам згодна з дэкрэтам № 7. Калі і як – не вядома.
Ніякіх тлумачэнняў наконт гэтага не могуць даць нават на гарачай лініі міністэрства па падатках і зборах. Там наогул адмаўляюцца размаўляць пра дэкрэт!
У прэс-службе Нацбанка Еўрарадыё просяць пачакаць, калі будзе тлумачэнне Нацбанка і падаткавікоў. Пакуль яго няма!
“Перыяд падаткаабкладання пачынае дзейнічаць з першага красавіка, таму да гэтага часу тлумачэнні будуць”, — супакойваюць у прэс-службе Нацбанка.
А вось у “Прыёрбанку” не сталі чакаць і адным махам знізілі працэнты па новых картках з 24% да 3% па рублёвых і з 2 да 0,2% па валютных! Тыя кліенты, якія завялі карткі да 13 лістапада (калі і пачалі зніжацца стаўкі), будуць атрымліваць такі ж даход як і быў у іх прапісаны ў дамове.
Варыянт № 3. Яшчэ адзін спосаб — каштоўныя паперы. У банках можна набыць аблігацыі Мінфіна і іншых арганізацый. Намінальны кошт паперы вагаецца ад 1000, 3000 і 5000 долараў. Працэнты — ад 5,5 да 7%. Банк сам вызначае, які тэрмін выплаты даходу — да прыкладу, па аблігацыях даход можа быць выплачаны раз на паўгода.
Як заўважае прадстаўнік Нацбанка Тарас Надольны, менавіта цяпер тыя, хто набывае каштоўныя паперы, вызваленыя ад падатку. Але гэтая льгота існуе да першага студзеня 2016-га года. Па дадзеных Еўрарадыё, цяпер абмяркоўваецца магчымасць працягнуць гэтую льготу.