Падатак на ўклады вызваляе ад падатку на "дармаедства"
У Беларусі пачаў дзейнічаць дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі № 7 "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)", які ўводзіць падатак на ўклады.
Згодна з дэкрэтам, уклады ў беларускіх рублях тэрмінам меней за год і ўклады ў валюце тэрмінам меней за два гады абкладаюцца падаткам у 13%, які будзе разлічваць і пералічваць у бюджэт за ўкладчыка сам банк.
Калі сума падатку з працэнтаў па дэпазіце будзе 3 600 000, гэта вызваліць ад падатку на дармаедства.
"Паводле дэкрэту, калі за год падаткаў 3 600 000, незалежна ад таго, з якіх прыбыткаў яны плацяцца, то падатак на дармаедства плаціць не трэба", — тлумачаць у падатковай.
Які ж дэпазіт трэба мець дармаеду, каб падатак з яго атрымаўся 3 600 000 і не трэба было плаціць падатак на дармаедства?
90 мільёнаў беларускіх рублёў на дэпазіт пад 25% на 360 дзён — падатак з даходаў па дэпазіце будзе 3 646 000 рублёў.
42 000 долараў на дэпазіт пад 2,5% на 360 дзён — падатак з даходаў па дэпазіце будзе 208 долараў (3 688 000 рублёў).