Падатак на багацце: банкі зніжаюць стаўкі па старых дэпазітах

Падатак на багацце: банкі зніжаюць стаўкі па старых дэпазітах

Пакуль кіраўніцтва Нацбанка тлумачыла журналістам падрабязнасці ўвядзення новага дэкрэта № 7, які ўводзіць падатак на дэпазіты, банкі дадавалі ў сістэму новыя дэпазітныя прадукты.

Вось, да прыкладу, “Беларусбанк” увёў новы уклад “Класік безадзыўны” у рублях пад 30% (стаўка рэфінансавання плюс 5%) і пад 5% у валюце.

Безадзыўны дэпазіт азначае, што цягам вызначанага тэрміна кліент не зможа забраць свае грошы. Хоць першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны робіць агаворку — забраць грошы можна датэрмінова ў выключных сітуацыях. 

Падатак на багацце: банкі зніжаюць стаўкі па старых дэпазітах

“Гэтыя выпадкі будуць крайнім выключэннем. Калі грошы спатрэбяцца ў выпадку нейкіх трагічных выпадкаў пры прадастаўленні дакументаў. Дэкрэт дае такое права банкам, яны будуць самі вырашаць”, — кажа Тарас Надольны.

Застануцца ў Беларусі і крэдыты "адзыўныя" ці кароткатэрміновыя. І на іх трэба будзе плаціць падатак. Да таго ж, працэнтныя стаўкі па "безадзыўных" укладах будуць на 3−5% вышэйшыя, чым на кароткатэрміновыя дэпазіты.

У Нацбанку кажуць, што падаткам будуць абкладацца менавіта працэнты. Некуды хадзіць і плаціць падатак у 13% не трэба. Банк сам зробіць неабходныя налічэнні. Прычым, па валютных укладах плаціць падатак трэба будзе ў рублях.

Вось што кажа намесніца міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка:

Падатак на багацце: банкі зніжаюць стаўкі па старых дэпазітах

“Даходы, атрыманыя ў замежнай валюце, пералічваюцца на дату атрымання даходу ў беларускія рублі. Падатак у памеры 13% выплачваюцца ў беларускіх рублях”.

Нацбанк кажа, што па старых дэпазітах нічога не зменіцца, падатак на іх налічвацца не будзе. Але пралангаваць дэпазіты можна будзе толькі на ўмовах дэкрэта, то бок з падаткам.

У "Беларусбанку" паўтараюць некалькі разоў пра новы дэкрэт і падатак на заможнасць. Вось гэта хуткасць! Інструкцыя ў дзеянні!

А вось у “Белаграпрамбанку” нават кажуць, што па-першае застаюцца толькі тыя ўклады, якія адпавядаюць дэкрэту № 7, а па-другое стаўкі па старых дэпазітах у іх знізяцца ў аднабаковым парадку, хоць плаціць за іх нейкія падаткі не трэба.

“У нас новых дэпазітаў няма, але мы прыбралі тыя, якія не адпавядаюць умовам, а тыя, якія падыходзяць, мы пакуль пакінулі. Яшчэ вось з заўтрашняга дня стаўкі, дзе былі 26%, стануць 25% па рублёвых дэпазітах”, — распавядаюць у “Белаграпрамбанку”. Новыя дэпазіты з’явіліся і ў прыватных банках. Да прыкладу, “Прыёрбанк” з сённяшняга дня прапаноўвае адкрываць дэпазіты з прыстаўкай “безадзыўны” пад 27% ў рублях і 4,2% у доларах.

Супрацоўнікі банкаў адразу папярэджваюць пра тое, што кароткатэрміновыя дэпазіты будуць абкладацца падаткам. Але новыя дэпазіты пакуль прыдумалі не паўсюль.

Пакуль у банках Еўрарадыё не заўважыла асаблівай актыўнасці беларусаў — ля кас няма чэргаў з жадаючых зняць свае грошы. Нацбанк жа на першых этапах чакае наплыву кліентаў у банкі за сваімі грашыма. Пра гэта кажа Тарас Надольны.

“Безумоўна, любыя новаўвядзенні на фінансавым рынку заўсёды ўспрымаюцца крытычна. Хутчэй за ўсё, на першым этапе нейкая частка людзей грошы забярэ. Але зноў жа, на першым этапе. Мы з банкамі сустракаліся літаральна ўчора, і ніякіх праблем няма: хоча чалавек забраць грошы, няхай забірае”, — кажа Надольны.

Але з іншага боку, Нацбанк разлічвае, што з часам людзі зразумеюць: навошта губляць даходнасць па дзеючым дэпазіце і забіраць грошы. Да таго ж, рэгулятар спадзяецца, што людзі пойдуць у доўгія дэпазіты.

Тарас Надольны заўважыў, што на сённяшні дзень 82% укладаў у беларускіх рублях з'яўляюцца кароткатэрміновымі. Сітуацыя з валютнымі укладамі лепшая — 60% валютных укладаў заключаюцца на тэрмін да года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі