Кошты на цяпло і газ з Новага года вырастуць на 17%
Савет міністраў зацвердзіў тарыфы на некаторыя віды жыллёва-камунальных паслуг на 2017 год. Новыя тарыфы зацверджаныя пастановай урада №1035 ад 16 снежня, перадае БЕЛТА.
У прыватнасці кошт цеплаэнергіі будзе павялічаны на 17% — да 15,6098 руб. за 1 Гкал. На столькі ж адсоткаў вырастуць для насельніцтва кошты на прыродны газ у ацяпляльны перыяд. Пры гэтым кошт электраэнергіі не павялічыцца.
У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю патлумачылі, што камунальныя плацяжы, па субсідаваных дзяржавай тарыфах павысяцца ў памеры, эквівалентным 5 доларам ЗША ў разліку на сям'ю з трох чалавек, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 кв.м. Па падліках дзяржаўных спецыялістаў, пасля павелічэння тарыфаў сям'я з трох чалавек ў тыпавой двухпакаёўцы за спажыванне паслуг стане плаціць больш на 10,98 руб. — да 79,38 руб. у ацяпляльны перыяд.
На ранейшым узроўні застануцца тарыфы на санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома (не больш за 0,53 руб. з аднаго жыхара ў месяц), тэхнічнае абслугоўванне запорна-перагаворных прыладаў жылога дома (не больш за 0,91 руб. з адной кватэры ў месяц). Таксама ранейшымі застануцца тарыфы за вываз смецця.
А вось тарыфы па электраэнергіі на працу ліфтаў вырастуць з цяперашніх 0,26 руб. да 0,47 руб.
Значна вырастуць тарыфы на карыстанне вадой. Субсідаваныя тарыфы на водазабеспячэнне плануецца зрабіць не больш за 0,5301 за 1 кубаметр (цяпер 0,2790 руб.); водаадвядзенне (каналізацыю) — не больш за 0,354 руб. за 1 кубаметр (цяпер 0,1863 руб.); тэхнічнае абслугоўванне жылога дома — не больш за 0,1 руб. за 1 кв.м агульнай плошчы жылога памяшкання ў месяц (цяпер 0,0995 руб.); тэхнічнае абслугоўванне ліфта — не больш за 1,19 руб. з аднаго жыхара ў месяц (цяпер 0,6911 руб.).
Тарыфы на водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыю), тэхнічнае абслугоўванне жылога дома, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат, застануцца на цяперашнім узроўні. Тарыф на тэхнічнае абслугоўванне ліфта складзе не больш за 1,33 руб. з аднаго жыхара ў месяц (сёлета 1,2 руб.).
Аплачваць камунальныя паслугі па новых тарыфах насельніцтва пачне ў лютым 2017 года — за студзень.
Пастанова набудзе моц пасля афіцыйнай публікацыі. Толькі пункт, які датычыць кошту цепла-, электраэнергіі і газу набудзе моц з 1 студзеня 2017 года.