Кожная чацвёртая будоўля ў ЕС пачынаецца з карупцыі

3 лютага Еўракамісія прэзентавала першую ў сваёй гісторыі справаздачу па карупцыі ў Еўрасаюзе. Сярод “цікавостак”, якія згадваюцца ў дакуменце, — адсутнасць празрыстасці ў палове краін, калі справа даходзіць да фінансавання партый. А таксама прылічэнне ўзвядзення кожнага чацвёртага будынка ці вуліцы да карупцыйнага.

“Справаздача дае шчырую адзнаку таго, як кожная з краін разбіраецца з карупцыяй, а таксама мы робім прапановы, як кожная з краін ЕС магла б актывізавацца ў барацьбе з карупцыяй”, — адзначае камісар ЕС па ўнутраных справах Сесілія Мальмстром.

Сапраўды, гаварыць ёсць пра што, бо, паводле ацэнак Еўракамісіі, штогод еўрапейская эканоміка з-за карупцыі губляе 120 мільярдаў еўра, што супастаўна з бюджэтам ЕС. Больш-менш прыстойна выглядаюць Швецыя, Фінляндыя, Данія і Германія, а ў Грэцыі, Балгарыі і Румыніі ўсё сумна.

У Беларусі ж сітуацыя супярэчлівая. З даследавання эканаміста ІПМ Андрэя Скрыбы вынікае, што беларускія малыя і сярэднія прадпрыемствы ўсё радзей наракаюць на карупцыю, гэта ўжо нават такая пазітыўная тэндэнцыя.

Андрэй Скрыба: “Праўда, калі глядзець графік гэтай станоўчай тэндэнцыі, то за апошнія 4-5 гадоў яна вельмі моцна затармазіла. З аднаго боку, у нас лепш, чым у суседзяў з былога СССР, накшталт Расіі і Украіны. З іншага мы па-ранейшаму адстаём ад нейкіх стандартаў ЕС, якія дазваляюць больш сістэмна вырашаць пытанні барацьбы з карупцыяй”.

Цікава, што ў суседняй Літве таксама не заўсёды гуляюць “сумленна”: у літоўцаў, як і у румынаў, у 6 разоў часцей вымагаюць хабар, чым у сярэднім па ЕС. У той час як у Польшчы лепш такім не займацца: 98% палякаў, якія сутыкаюцца з карупцыяй, паведамляюць пра гэта ўладам.

Андрэй Скрыба кажа, што наспеў час рэфармаваць законы, якія будуць выключаць карупцыю, а не толькі зачытваць сухія справаздачы аб выкрытых за год злачынствах.

Увогуле ж, ёсць і больш значныя перашкоды, з якімі сутыкаюцца беларускія прадпрымальнікі, заўважае эксперт:

“У ЕС акурат і сказалі, што карупцыя галоўны тормаз развіцця малых і сярэдніх прадпрыемстваў. У нас жа карупцыя ўваходзіць у топ-4 ці топ-5 перашкодаў, але дакладна не займае першыя два месцы. Першыя два месцы нешта накшталт фінансавай стабільнасці і пытанне доступу да крэдытных рэсурсаў”.

Варта адзначыць, што згодна з даследаваннем кампаніі “Transparency International”, Беларусь займае 123-е месца ў сусветным “карупцыйным рэйтынгу”. Акурат такое ж, як Дамініканская Рэспубліка, Гватэмала і Тога.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі