Крамам пачалі даводзіць план на продаж піва (дакумент)

З аднаго боку, піва ў нас не прадаецца пасля 23 гадзін, і мы нібыта змагаемся з піўным алкагалізмам. З іншага, крамам давялі план па продажы беларускага піва на год, і яго трэба выканаць. Колькі піва мусіць прадаць краіна за 2008 год – вялікі сакрэт, які не раскрываюць. Кажуць толькі, што гэта “вельмі вялікае даручэнне”.



Па крамах усёй краіны выканаўчыя камітэты разаслалі лісты, у якіх напісалі, колькі піва якая крама мусіць прадаць. У адной з мінскіх крамаў Еўрарадыё назвалі іх лічбу.

Крама: “ За 2008 год мы мусім прадаць 35 тысяч дэкалітраў (350 тысяч літраў). Раней квота на піва не вылучалася. Былі заданні на макаронныя вырабы, на каўбасу, пяльмені, на шакалад, на крупы, муку і г.д., але піва – упершыню. Тут нават так адзначана, каб мы прынялі ўсе магчымыя меры для забеспячэння наяўнасці шырокага асартыменту піва айчынных вытворцаў...”

350 тысяч літраў піва ў год – гэта ў сярэднім 480 бутэлек у дзень (гэта план для сярэдняй, невялікай крамы).

Больш за 80% тавараў кожнай групы ў нашых крамах мусяць быць айчыннай вытворчасці. Таму і піва беларускага паўсюль нашмат больш, чым замежнага, і прадаць яго лягчэй. На пытанне Еўрарадыё, што крама збіраецца рабіць, каб прадаць столькі піва, мы пачулі нечаканы адказ – нічога. Піва і так цудоўна прадаецца.

Крама: “Думаю, ніякіх праблем з рэалізацыяй піва, канешне, не будзе, бо алкагольныя напоі: гарэлку, “чарніла”, піва – людзі ў нас “бяруць” добра, на жаль. Ніякіх мераў прымаць не трэба, піва прадаецца цудоўна, лепш бы так прадавалася каўбаса і пяльмені”.

Галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкаму вырашала, колькі літраў піва мусіць прадаць кожная мінская крама. І менавіта яно рассылала ім лісты з гэтымі лічбамі.

- Буйнейшым крамам – большы план, меншым – меншы?
- Так, канешне.
- Гэта па ўсіх крамах горада?
- Рэспублікі. Тую лічбу, якую нам давяло Міністэрства гандлю, мы дзялілі па “сваіх” прадпрыемствах.
- У вас нейкі дакумент…
- Гэта ўсё ў Мінгандлі. У іх даручэнне там вельмі вялікае.
- Менавіта на піва?
- Так.

Пра тое, што будзе з крамай, якая не прадала патрэбную колькасць піва, пакуль не гавораць. З іншымі запланаванымі прадуктамі ўсё зразумела – прадугледжаны штраф, які нярэдка спісваецца.

“Мы паглядзім, якія будуць вынікі. Я пакуль не ведаю. Па выніках кварталу паглядзім, як яно будзе выглядаць. Можа, там нармальна ўсё будзе”.

Тым часам псіхолагі і медыкі занепакоеныя тым, што піўны алкагалізм у нашым грамадстве набірае сілу, але дагэтуль не ўспрымаецца сур’ёзна. Піўны алкагалізм – гэта адзін з відаў алкагольнай залежнасці. Ён вельмі распаўсюджаны цяпер у нашым грамадстве менавіта з-за даступнасці піва. Яно даволі таннае і паўсюль прадаецца. Нягледзячы на тое, што пасля 23 гадзін крамы і шапікі не прадаюць піва, яго можна замовіць праз таксоўку.

Спецыяліст па псіхалагічнай рэабілітацыі людзей з хімічнай залежнасцю Ігар Ільюкевіч распавядае, што праз некалькі гадоў даволі шмат людзей, якія “падселі” на піва, пераходзяць на больш моцныя напоі.

Ігар Ільюкевіч: “У нас даволі развітая культура піўнога п’янства, для нас сустрэцца за бутэлькай піва – справа звычайная і зразумелая. І існуе праблема адмаўлення – людзі п’юць піва і не лічаць сябе алкаголікамі, гэта нібыта несур’ёзна. Як правіла, людзі пераходзяць з часам на ўсё большыя дозы піва. Гэта таксама адна з фаз развіцця алкагалізму. А потым задумваюцца, што ім эканомней – выпіць тры бутэлькі піва ці адну гарэлкі, і пераходзяць на гарэлку”.

Дзяржава забараняе прадаваць піва позна ўвечары і накладае абмежаванні на рэкламу, але ў той жа час усталёўвае планы па дадатковых аб’ёмах на гэта самае піва. Застаецца пытанне, якая з гэтых мер больш дзейсная.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі