Крэмль нават не цікавіць, якія пытанні зададуць беларускія журналісты
Пра што паразмаўляюць рэдактары беларускіх СМІ з кіраўніком крамлёўскай адміністрацыі?
Журналістаў незалежных СМІ Беларусі чакаюць у Крамлі ў сераду, 13 кастрычніка. Сустрэча з кіраўніком адміністрацыі расійскага прэзідэнта Сяргеем Нарышкіным стане адказам на прэс-канферэнцыю Аляксандра Лукашэнкі, які 1 кастрычніка збіраў у Мінску расійскіх журналістаў.
Еўрарадыё пацікавілася ў беларускіх журналістаў, пра што яны запытаюцца ў Сяргея Нарышкіна.
Рэдактар “Комсомольской правды в Беларуси” Андрэй Ляўкоўскі плануе разабрацца ў адносінах паміж кіраўніцтвам Расіі і Беларусі.
Ляўкоўскі: “Хацелі б пагаварыць наконт адносінаў у вышэйшых эшалонах улады на дадзены момант, то бок прэзідэнтаў”.
Цікава, што з большага прадстаўляць выданні будуць галоўныя рэдактары ці іх намеснікі, што кажа аб важнасці мерапрыемства. Так, супрацоўніца сайта “Хартыя'97” Наталля Радзіна падзялілася планамі будучай размовы са спадаром Нарышкіным.
Радзіна: ”Усе пытанні будуць тычыцца сітуацыі ў Беларусі і пазіцыі Расіі адносна беларускай улады. У мяне шмат пытанняў, улічваючы сітуацыю ў Беларусі і будучыя выбары. Пазіцыя Расіі адносна рэжыму Лукашэнкі змяняецца, кіраўніцтва Расіі займае прынцыповую пазіцыю адносна беларускай дыктатуры — гэта нельга не вітаць. Пытанні будуць тычыцца гэтага накірунку”.
Дарэчы, мінулым разам беларускіх журналістаў прымаў Дзмітрый Мядзведзеў. Сустрэча прайшла ў Барвісе летась у лістападзе. Тады прэзідэнт Расіі казаў, што сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх СМІ стануць рэгулярнымі. Між іншым, як і ў мінулы раз, дабірацца да Масквы нашыя журналісты будуць за свой кошт.
Праз дарожныя клопаты галоўны рэдактар “Народнай волі” нават не паспеў прыдумаць пытанні.
“У мяне не было часу. Я гадзіну таму квіток набыў”, — пажаліўся Іосіф Сярэдзіч.
А вось галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч прыдумае пытанні сп. Нарышкіну ў цягніку, пад грукат колаў.
Старыкевіч: “Шчыра кажучы, я не рыхтуюся да канферэнцый за тыдзень. Сёння ўвечары сяду ў цягнік і будзе цэлая ноч, каб падумаць”.
Гендырэктар кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай пакуль не раскрывае ўсіх падрабязнасцяў заўтрашняй размовы.
Ліпай: “Пакуль мы можам сказаць, што наш карэспандэнт будзе прымаць у гэтым удзел. Перадусім будзем закранаць пытанні двухбаковых адносін Беларусі і Расіі. Як эканамічныя, так і палітычныя”.
Газету “Наша ніва” на сустрэчы з Сяргеем Нарышкіным прадставіць Зміцер Панкавец.
Пытанні ад “Белгазеты” кіраўніку адміністрацыі расійскага прэзідэнта задасць намесніца рэдактара Вольга Бардзіян.
На жаль, журналісты ні Еўрарадыё, ні Радыё "Свабода" на сустрэчу не былі запрошаныя з фармальных прычынаў: нас палічылі замежнымі СМІ.
Дарэчы, фармат маскоўскай сустрэчы пакуль невядомы. Ніякіх папярэдніх умоваў адміністрацыя прэзідэнта Расіі не ставіла, пытанні для гутаркі таксама не ўзгадняліся.
Фота — mk.ru