Кубілюс: Лукашэнка мае шанец займець новае аблічча

Еўрарадыё: Баяцца афіцыйнаму Мінску старшынства Літвы ў Еўрасаюзе ці спадзявацца, што Вільня будзе лабіраваць яго інтарэсы ў Еўропе?

Андрус Кубілюс: Баяцца павінны тыя, хто асцерагаецца паспяховага старшынства Літвы ў Еўрасаюзе. І тыя, хто баіцца прасоўвання рэгіёна "Усходняга партнёрства" бліжэй да Еўропы. А такія сілы ёсць на ўсход ад нашага рэгіёна Расія па-ранейшаму мае праблемы постімперскага сіндрома. Мы бачым усе геапалітычныя складанасці развіцця ў нашым рэгіёне. Але мы гатовыя зрабіць усё дзеля таго, каб падчас нашага старшынства наблізіцца да Еўропы.

Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце перспектывы Аляксандра Лукашэнкі наконт атрымання запрашэння на саміт "Усходняга партнёрства", які пройдзе ў Вільні 28 лістапада?

Андрус Кубілюс: Найперш, для гэтага прынцыпова павінны быць вытрыманыя тыя ўмовы, якія былі выказаныя ў адносінах да Беларусі раней, датычна палітзняволеных. Але ж гэтая ўмова да гэтага часу застаецца не выкананай.

З іншага боку, я думаю, што самае галоўнае у віленскім саміце чым завершацца перамовы з Украінай, Малдовай, краінамі Паўднёвага Каўказа. Краінамі, якія ўваходзяць ва "Усходняе партнёрства" і з якімі былі праведзеныя ўсе перамовы наконт дасягнення пагаднення па асацыяцыі, па свабодным гандлі. Калі гэта будзе паспяхова завершана, то гэта будзе моцна геапалітычна ўплываць на ўвесь рэгіён. Гэта будзе ўскосна дапамагаць Беларусі ў прасоўванні да дэмакратычнага развіцця.



Еўрарадыё: Брусель хоча паспрабаваць наладзіць адносіны з афіцыйным Мінскам. Як лідар апазіцыі краіны, якая з'яўляецца сябрам Еўрасаюза, як вы лічыце зараз ёсць магчымасці для спроб наладжвання гэтага дыялога?

Андрус Кубілюс: Дыялог не можа быць эфектыўным, калі ён ідзе паміж глухімі і нямымі. Еўрасаюз выказаў вельмі зразумелую ўмову для найбольш эфектыўнага дыялога. А беларускі бок павінен вельмі ясна чуць што Еўрапейскі Саюз сказаў. І па пытанні палітычных зняволеных, і па пытанні ўсіх іншых праблем. І зараз усё ў руках беларускіх уладаў працягваць дыялог, не пазбягаючы дакладна зададзеных пытанняў.

Еўрарадыё: Як у нядаўнім мінулым прэм'ер-міністр краіны, вы пытанне зразумееце: ці не згубіць палітык аблічча, калі пойдзе на выкананне патрабаванняў звонку? Я маю на ўвазе Лукашэнку і патрабаванне ЕС вызваліць і рэабілітаваць людзей, якіх ён палітычнымі вязнямі не лічыць.

Андрус Кубілюс: Згубіць якое аблічча? Ён можа атрымаць іншае аблічча. Усё ў яго руках!



Еўрарадыё: З пункту гледжання апазіцыйнага палітыка як вы ставіцеся да спроб прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ пасябраваць з Аляксандрам Лукашэнкам?

Андрус Кубілюс: Часам не ўсе разумеюць таго, як Літва разумее сваю галоўную задачу ў геапалітыцы. Я не бачу ніякіх супярэчнасцяў у тым, што робіць прэзідэнт нашай краіны. Самая галоўная задача для нас найперш як мага глыбейшая інтэграцыя ў Еўрасаюз. Каб у гэтым рэгіёне мы былі ва ўмовах самай моцнай бяспекі. А з другога боку: дапамагчы рэгіёну, які знаходзіцца паміж намі і Расіяй, гравітаваць бліжэй да Еўрасаюза. Хаатычна, з рознымі праблемамі з дэмакратыяй, але гравітаваць да Еўропы. Бо ў выніку гэта прынясе бяспеку і стабільнасць усяму гэтаму рэгіёну, які зараз мы называем "Усходнім партнёрствам". Маючы такія геапалітычныя задачы, Літва спрабуе выкарыстаць усе магчымасці для дасягнення пастаўленых мэтаў. Дапамагаючы, крытыкуючы, працуючы як у Бруселі, так і ў сталіцах гэтых краін, але маючы на ўвазе сваю галоўную мэту па дапамозе гэтаму рэгіёну менавіта гравітаваць бліжэй да Еўрапейскага Саюза. І калі ў выніку сёлетняга саміта Украіна прасунецца бліжэй да Еўрасаюза, калі Малдова, Паўднёвы Каўказ прасунуцца да Еўропы, то гэта будзе прасоўванне ўсяго рэгіёна. Тады і сітуацыя ў Беларусі будзе змяняцца.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі