Куды знікаў Пуцін: версіі медыцынскія, канспіралагічныя і жартаўлівыя

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін не з'яўляўся на публіцы з 6 сакавіка. За гэты час былі адмененыя некалькі важных мерапрыемстваў з яго ўдзелам: падпісанне дамовы з Паўднёвай Асеціяй і сустрэча з Лукашэнкам і Назарбаевым. Цяпер стала вядома, што з беларускім і казахскім калегамі Пуцін пабачыцца 20 сакавіка. 16 сакавіка Пуцін аб'явіўся ў Санкт-Пецярбургу на сустрэчы з прэзідэнтам Кыргызстана, які пацвердзіў, што Пуцін сам ходзіць. 

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сёння пасмяяўся над чуткамі, якія з'явіліся апошнім часам у СМІ і сацыяльных сетках.

"Усе разбітага паралічам прэзідэнта, захопленага генераламі, убачылі? Толькі што прыляцеў з Швейцарыі, дзе прымаў роды, як вядома", – сказаў Пяскоў.

Адказваючы на пытанне ​​пра прыезд да Пуціна замежнага лекара, Пяскоў з усмешкай сказаў: "Так, ён таксама быў сярод генералаў, якія захапілі Пуціна".

Якія ж версіі знікнення Пуціна выказвалі журналісты, палітолагі, блогеры і нават дзяржаўны беларускі тэлеканал АНТ?

Версіі медыцынскія

Прэс-служба крамля два разы публікавала фотаздымкі Пуціна. Але СМІ высветлілі, што кадры старыя. The Guardian спасылаецца на расійскія СМІ і высоўвае версію пра няўдалую пластычную аперацыю. Раней такія чуткі таксама хадзілі. У 2010 годзе на прэс-канферэнцыі у Пуціна заўважылі загрыміраваны сіняк, які палічылі няўдалай ін'екцыяй ботаксу.

Швейцарскае выданне Blick выдае яшчэ адну версію: у адной з радзільняў швейцарскага горада Тэсін нібыта нараджала Аліна Кабаева, якой прыпісвалі раман з Пуціным. Яна нібыта зарэгістравалася ў клініцы Святой Ганны. Але выданне адзначае, што гэтая інфармацыя назаўсёды можа застацца таямніцай, бо ў клінікі вельмі добрая рэпутацыя, і ёй часта карыстаюцца багатыя расіяне.

Тэлеканал “Дождж” са спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што Пуцін захварэў на грып і знаходзіцца ў сваёй рэзідэнцыі на возеры Валдай у Наўгародскай вобласці. Каментаваць гэту інфармацыі прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў адмовіўся: “Не каментуем, тэма закрытая”.

Аўстрыйская газета Kurier паведаміла, што Пуцін мае праблемы са спінай, і да яго прыляцеў доктар-артапед з Вены. Газета не паведамляе імя доктара і не спасылаецца на крыніцы.

Версіі канспіралагічныя

Некаму не хапіла версій, звязаных са здароўем, і яны пайшлі далей. Пачалі казаць пра змову генералаў і новы ГКЧП.

Forbes піша, што забойства Нямцова магло выклікаць канфлікт паміж ФСБ і Кадыравым, бо ў забойстве абвінавацілі грамадзян Чачні. The Times падтрымлівае тэорыю, што забойства стала прычынай знікнення Пуціна: “Яму маглі параіць заставацца дома, пакуль адказных за забойства не знойдуць”.

Пуцін знік, з'явіўся Іваноў, на гэты факт звяртае увагу польская Gazeta.pl. Яна спасылаецца на былога дарадцу расійскага кіраўніка Андрэя Іларыёнава. Ён распавядае пра “замову генералаў”, якія могуць адсунуць Пуціна ад улады.

Версіі жартаўлівыя

Пасля СМІ блогасфера проста выбухнула жартамі на тэму знікнення расійскага прэзідэнта. Не выключана, што пасля з'ўлення Пуціна пачнуць з'яўляцца новыя жарты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі