Куды зніклі амаль 600 мільёнаў долараў з золатавалютных запасаў?

Нацбанк не бачыць у гэтым нічога страшнага, а эканамісты б’юць трывогу Паводле звестак Нацыянальнага банка, толькі за чэрвень золатавалютныя рэзервы краіны скараціліся амаль на 600 мільёнаў долараў. І сёння ў рэзерве Нацбанка засталося крыху больш за 2,5 мільярда золатавалютнага запасу. Такое скарачэнне начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў тлумачыць зніжэннем экспарту беларускіх тавараў за мяжу.

Анатоль Драздоў:
“Улічваючы тое, што экспарт фактычна ўпаў на 50 адсоткаў за паўгода — зразумела, што скарацілася паступленне валютнай выручкі ў краіне. У той час, калі перыядычна праяўляецца ажыятажны попыт на валюту з боку насельніцтва. Плюс прадпрыемствы перыядычна выходзяць як на біржавы, так і на нябіржавы рынак для набыцця замежнай валюты. Бо мы вырабляем канчатковую прадукцыю за кошт сыравіны альбо камплектуючых, якія набываем за мяжой, — і ім патрэбная валюта. Таму сітуацыя, якая складаецца на валютным рынку, цалкам зразумелая. Нічога дзіўнага тут няма. Ёсць сезонныя выплаты, ёсць дзяржаўныя прадпрыемствы, якім неабходна зрабіць пэўныя плацяжы, у тым ліку за пастаўленыя энерганосьбіты”.

На думку незалежнага эканаміста Сяргея Чалага, сума золатавалютнага рэзерву скарацілася не столькі з-за памяншэння айчыннага экспарту, колькі з-за выдаткаў на падтрыманне курса нацыянальнай валюты ў адносінах да долара.

Сяргей Чалый:
“На падтрыманне курса галоўным чынам грошы пайшлі. Пакрыццё розніцы паміж попытам і прапановай валюты на біржы. Калі параўнаць — гэта практычна цалкам будзе розніца паміж попытам і набыццём валюты”.

Згодны з гэтым і яго калега Сяргей Жбанаў.

Сяргей Жбанаў: “Параўнальна стабільны курс рубля — ён вагаецца вакол зменнай сярэдняй. А калі вы ўтрымліваеце курс альбо спрабуеце паказаць яго стабільнасць, вы вымушаныя ажыццяўляць інтэрвенцыі. Пры гэтым яны ідуць на тое, што і прадпрыемствы набываюць валюту для сваіх патрэб”.

Што ж тычыцца беларускага экспарту, то, на думку Сяргея Чалага, гэта адыграла сваю ролю ў памяншэнні рэзерву, але былі і яшчэ выплаты, ад якіх дзяржава не змагла ўхіліцца.

Сяргей Чалый: “Да гэтага часу ідзе пагаршэнне знешняга гандлю: расце адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу. Але з іншага боку, у гэтым годзе ў нас ёсць даволі вялікая кароткатэрміновая пазыка — не дзяржаўная, праўда, а камерцыйная. Можа, было пагашэнне кароткатэрміновых камерцыйных пазыкаў, але сэнс не мяняецца. Усё адно гэта ўсё робіцца праз валютную біржу, і ўсё адно гэтая сума будзе там”.

А Сяргей Жбанаў дадае яшчэ адзін артыкул дзяржаўных выплат.

Сяргей Жбанаў: “У нас станоўчыя тэмпы прыросту ўнутранага валавога прадукту пры невялікіх адмоўных прамысловай вытворчасці — у адрозненні ад большасці краін. Гэтую ж карціну трэба камусьці аплачваць!”

Нічога страшнага ў сённяшняй сітуацыі Нацбанк не бачыць. Згодна са словамі Анатоля Драздова, ужо ў наступным месяцы золатавалютныя рэзервы краіны вырастуць, і значна. За кошт траншу Міжнароднага валютнага фонду мы атрымалі амаль 680 мільёнаў долараў — вось запас і вырасце на гэтую суму.

Анатоль Драздоў: “Бярыце суму, якая была на 1 ліпеня, і дабаўце 680 мільёнаў — вы атрымаеце новую лічбу золатавалютнага рэзерву. Можа, крыху і будзе патрачана ў ліпені, але ўсё адно яна будзе значна большая, чым на 1 ліпеня”.

Між тым, згодна са звесткамі самога Нацбанка, на 1 ліпеня ў яго запасніках засталося золатавалютных рэзерваў на суму 2 мільярды 646 мільёнаў долараў, паводле разлікаў па стандартах МВФ. Анатоль Драздоў кажа, што, паводле разлікаў айчынных банкіраў, гэтая сума складае каля 3,1 мільярда долараў — МВФ не ўлічвае каштоўныя камяні, якія ў нас ёсць. І гэта дазваляе жыць спакойна і не хвалявацца за стабільнасць рубля.

Анатоль Драздоў: “Сума, зразумела, не дастатковая ў доўгатэрміновай перспектыве, але дастатковая ў кароткатэрміновай. Такім чынам, хвалявацца за стабільнасць беларускай нацыянальнай валюты не даводзіцца”.

А вось эканамісты б’юць трывогу: наш золатавалютны запас павінен быць амаль у 3 разы вышэй! А трох мільярдаў не дастаткова.

Сяргей Чалый: “Канечне, гэта мала! Няма дакладных паказчыкаў, але ёсць асноўныя прыкідачныя правілы. Па-першае, памер золатавалютных рэзерваў павінен адпавядаць памеру кароткатэрміновай запазычанасці. А ў нас яна каля 8-9 мільярдаў долараў. Альбо рэзерв павінен забяспечваць 3 месяцы імпарту. Карацей — недастаткова па ўсіх параметрах. Нават МВФ падлічвала, яшчэ да гэтай страты, што нам больш за 5 мільярдаў неабходна было б дабраць да канца года”.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі