Куплеты і прыпевы ад Лявона Вольскага. Фота

На днях адбылася прэзентацыя “Куплетаў і прыпеваў” Лявона Вольскага, фотарэпартаж з якой можна паглядзець зараз і тут. Гэта была чарговая, толькі ўжо крыху вялікая прэзентацыя знакамітых “Куплетаў і прыпеваў” Лявона Артуравіча. Гледзячы па натоўпу, што набіўся ва ўтульны барчык N., усім карцела пачуць гарэзлівыя і актуальныя куплеты з прыпевамі, паслухаць жартачкі ад спадара Вольскага і проста адпачыць.





Яшчэ перад пачаткам канцэрту некаторых цікавіла, якім жа чынам прадставіць сваё тварэнне музыка (маю на ўвазе факт, што “куплеты” запісаныя ўласнаручна Вольскім пры гітарнай дапамозе Пашы Траццяка). У выніку на сцэне намалявалася дзве фігуры: Вольскага і Траццяка, а побач са сцэнай – гукача Андрушы, дзякуючы працы якога гледачы пачулі тыя самыя песні з альбома…





Увогуле “Куплеты з прыпевамі” сталі часткай канцэрту, які цягнуўся нешта каля гадзіны з паловай. “Куплеты “ былі выкананы часткова , што не зусім задаволіла аматараў творчасці Вольскага. Прынамсі, не прагучалі “Рабяты з бадунца” і нават знакамітая “Эўравізія”. Можа таму ў якасці бонусаў паступова пачалі гучаць вядомыя і любімыя ўсімі песні, напісаныя Лявонам. “Крамбамбульныя” песні адспявалі разам з залай на “ура!”. Прагучала рэклама канцэртаў “Народнага альбому”, якія, нагадаю, адбудуцца 2-3га снежня ў “Казе”, і пачаліся песні з “Народнага альбому”. Пасля “ Простых словаў” пайшлі“Я нарадзіўся тут”, “Тры чарапахі” і напрыканцы “на біс” – “Менск і Мінск”, як заўсёды кранальна, глыбока і балюча…





Канцэрт даў падставу для думак пра далейшую сольную кар’еру Лявона Артуравіча: ёсць вялікая колькасць хітоў і ёсць аграмадная армія прыхільнікаў непасрэдна Лявона Вольскага… Карацей, не будзем здзіўляцца, калі раптам сольныя канцэрты Лявона пачнуць праходзіць вельмі часта і на вялікіх сцэнах…





Пра публіку. Проста супер! Мне спадабаліся людзі і твары, з якімі яны слухалі любімага выканаўцу. Паглядзіце на іх!












Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі