Купляйце сваё, а не беларускае!

З пачатку месяца мясцовыя ўлады пачалі раздаваць пералікі тавараў рэгіянальных вытворцаў, продаж якіх з’яўляецца прыярытэтным. Дакумент распрацаваны Міністэрствам гандлю і носіць толькі рэкамендацыйны характар. Дзесьці адразу ўвялі квоты на мясцовую прадукцыю, а дзесьці насамрэч парэкамендавалі ўзяць пад увагу.

Гэта нагадвае нейкі сучасны варыянт феадальнай вайны. Так, прадукцыя мінскага мясакамбіната не закупаецца для продажу ў Барысаве, а пінскі хлеб не пастаўляецца ў Слуцк.

Першымі трывогу забілі ў Брэсце. Кіраўніцтва абласнога Саюза прадпрымальнікаў звярнулася ў выканкам са скаргай на прымусовае ўключэнне ў асартымент прадпрымальнікаў тавараў мясцовых вытворцаў.

Мы вырашылі разабрацца і папрасілі пракаментаваць сітуацыю старшыню аддзела гандлю і паслуг горада Брэста Уладзіміра Наземнава:

“Мы маем спіс брэсцкіх вытворчых прадпрыемстваў, прадукцыя якіх павінна быць прадстаўлена ў асартыментным пераліку.


Суб’ект гаспадарання ці індывідуальны прадпрымальнік можа гандляваць любой прадукцыяй, мы не даем ніякіх абмежаванняў для прадукцыі з іншых рэгіёнаў краіны. Проста павінны быць прадстаўлены тавары нашых мясцовых вытворцаў.”


Падобная сітуацыя склалася і ў Барысаве. Тут гандляры ўжо абавязаны дадаць да сваёй прадукцыі тавары мясцовай вытворчасці. Мы пазванілі ў прадуктовую краму Барысава “Кантынент”. Вось што нам адказала таваразнаўца наконт выканання рашэння мясцовага выканкама:


“Нам даведзены барысаўскія квоты, і мы павінны іх выбраць. Такім чынам, мы абавязаны выканаць план па продажы мясцовых тавараў. Гэтыя квоты амаль нерэальныя. Так, у гэтым месяцы мы, магчыма, і не выканаем іх.


Нас абавязалі, напрыклад, пасля кожнай накладной званіць у выканкам і даваць справаздачу — апошнія былі такія распараджэнні. Квоты нам дадзены канкрэтныя. Па мясе была 1 тона, стала 3. Наконт барысаўскага малочнага завода — там у міліёнах літраў.”


Справа ў тым, што праблема на гэты момант ужо акрэслілася. Мы папрасілі падзяліцца сваім поглядам на існуючае становішча вядучага эканаміста аналітычнага цэнтра “Стратэгія” ЯРАСЛАВА РАМАНЧУКА:


“У нас, ведаеце, як рэкамендацыі выконваюцца. Праблема ў тым, што гэта не феномен 2007 году. У нас, па сутнасці, ніколі яшчэ не было таго, што называецца адзіная эканамічная прастора ў межах нашай краіны.


Бязглуздзіца гэтае палітыкі ў тым, што тыя рэгіёны, раёны, вобласці, яны праводзяць палітыку прызначэння тэмпаў узросту, а потым іх выконваюць. Справа ў тым, што, замахнуўшыся на нейкую інтэграцыю з Расіяй ці Украінай, трэба было пачаць з рэінтэграцыі нашай краіны.”


Такім чынам, сітуацыя канчаткова не вырашаная. Не зразумела, ці змогуць берасцейцы набываць мінскую гарэлку, а барысаўчане — піць брэсцкае малако. Гэта найперш залежыць ад мясцовай выканаўчай улады і ад таго, наколькі яна прагнецца перад рэкамендацыйным лістом Міністэрства гандлю. Але ж саміх пакупнікоў, як заўсёды, ніхто не пытаецца.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі