ЛДП пасварыла Кангрэс за незалежнасць і Кангрэс па абранні адзінага?

Нават падзеі ва Украіне не стварылі ажыятажу вакол запланаванага на канец года Кангрэса за незалежнасць. Але тут з нечаканай прапановай выступае партыя Сяргея Гайдукевіча — дапамагчы фінансава і арганізацыйна ў правядзенні гэтага мерапрыемства.
 
 
Абмеркаваць пагрозы незалежнасці для Беларусі прапануе Рада беларускай інтэлігенцыі. Ініцыятыва ліберал-дэмакратаў агаломшыла сябра Рады і патэнцыйнага прэтэндэнта на адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмсіл Алену Анісім.
 
 
Алена Анісім: “Сапраўды, наспявае неабходнасць наладзіць шырокі дыялог з удзелам розных сіл, незалежна ад іх палітычных поглядаў, сіл, якія разумеюць, што незалежнасць нашай краіны — гэта найвялікшая каштоўнасць”.
 
 
                                     Алена Анісім
 
 
Па словах Анісім, ЛДП запросяць да ўдзелу ў працы Кангрэсу.
 
 
На канец года планаваўся і Кангрэс па абранні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі. Але ўжо колькі месяцаў нічога не чуваць пра тое, ці ўдалося розным палітычным плыням хоць пра нешта дамовіцца. Можа, дэмсілам не хапае штуршка ад ЛДП?
 
 
“Не ёсць гэтая партыя ні ліберальнай, ні дэмакратычнай, — абураецца такой прапановай Еўрарадыё Павел Севярынец. — На самай справе гэта шырма, якую час ад часу выкарыстоўвае дзейны рэжым: мы памятаем, чым займаўся кіраўнік гэтай партыі Сяргей Гайдукевіч усе 20 гадоў, пакуль пры ўладзе Лукашэнка. Памятаем, чым займаўся яго намеснік, калі быў кіраўніком Фрунзенскага райаддзела ў Мінску. Таму ілюзій няма. Я думаю, што гэта прадуманы ход, спроба ўзяць пад кантроль незалежніцкі рух”.
 
 
Сумленна гледзячы ў вочы Еўрарадыё, Алег Гайдукевіч упэўнівае: іх партыя ўсёй душой за незалежнасць Беларусі, таму ў прапанове дапамагчы фінансава Кангрэсу за незалежнасць ніякіх “прадуманых хадоў” няма. Маўляў, партыя апазіцыйная і хоча супрацоўнічаць з усімі. Ну, апроч арганізатараў Кангрэса па абранні адзінага на выбары.
 
 
Алег Гайдукевіч: “Ім мы не будзем прапаноўваць грошы! Бо ў іх нічога няма, кандыдата няма моцнага. У плане дасягнення нашай агульнай мэты — квітнеючай Беларусі — мы гатовыя размаўляць з усімі. А ў плане барацьбы за ўладу... мы не бачым зацікаўленасці ў барацьбе за ўладу ў тых, хто арганізоўвае Кангрэс па абранні адзінага кандыдата. Уся іх задача — неяк адыграць прэзідэнцкую кампанію і атрымаць гранты”. 
 
 
                                        Алег Гайдукевіч
 
 
Па словах лідара ЛДП, партыя нават гатовая… падтрымаць Алену Анісім у якасці кандыдата на прэзідэнта!
 
 
Алег Гайдукевіч: “Мы не супраць, каб Алена Анісім вылучалася кандыдатам у прэзідэнты, а нават “за”. Бо нічога дрэннага мы пра гэтую жанчыну сказаць не можам. Выдатная жанчына: ведае беларускую мову, хоча незалежнасці, суверэнітэту. Яна простая, не палітык, магчыма, але яна добрая жанчына, і мы не супраць яе вылучэння. Адзінае, што нас засмучае, — гэта яе рэсурсы і магчымасці сабраць 100 тысяч подпісаў — іх няма. Але калі звернецца, то, можа, мы ёй і дапаможам”.
 
 
У адказ Павел Севярынец катэгарычна заяўляе: калі на Кангрэсе будуць вылучаць Алену Анісім на ўдзел у кампаніі 2015 года альбо калі сярод арганізатараў Кангрэсу за незалежнасць будзе ЛДП, то БХД на такі Кангрэс не пойдзе! 
 
 
Па словах Севярынца, імавернасць абрання адзінага сёння ацэньваецца ім на 80%. Трэба толькі вызначыцца… з пазіцыяй кандыдата — “што адзіны павінен казаць, што ён павінен рабіць”. Бо сітуацыя ў выніку падзей ва Украіне вельмі моцна змянілася.
 
 
Павел Севярынец: “Выглядае на тое, што для дэмакратычных сілаў будзе складаней вылучыць чалавека, які павядзе за сабой. З іншага боку, прасцей вылучыць таго, хто адпавядае сітуацыі”.
 
 
                                          Павел Севярынец
 
 
Хто сёння лепш “адпавядае сітуацыі”, Севярынец не кажа, але ўпэўнівае, што Кангрэс пройдзе калі не ў снежні, то ў студзені дакладна. Тое, што адзін Кангрэс будзе коса глядзець на Кангрэс другі — гарантавана. І не толькі праз ЛДП.
 
 
Фота: Змітра Лукашука, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі