Леанід Заіка: Валютны калідор пашырыўся, бо еўра і долар працягнуць расці

Еўрарадыё падлічыла, што ў новым валютным калідоры еўра можа каштаваць пад 4300 беларускіх рублёў, а афіцыйны кошт долара пераваліць за BYR 3000. 2 студзеня 2009 года Нацбанк паабяцаў нам стрымліваць інфляцыю беларускага рубля да “кошыка валютаў” у межах 5%. Яшчэ месяц таму старшыня галоўнага банка краіны Пётр Пракаповіч адчуваў сілы нават сціснуць валютны калідор да 3%.

Але 22 чэрвеня Нацбанк, наадварот, абвясціў пра пашырэнне межаў валютнага калідора. Цяпер ён складае нават не 5%, а 10%. Гэта пазначае, што кошт “кошыка” з трох валютаў: еўра, долара ЗША і расійскага рубля – можа вагацца ад 864 да 1056 BYR.

Еўрарадыё падлічыла, што калі курс расійскага рубля па-ранейшаму будзе змяняцца нязначна, а еўрапейская і амерыканская валюты працягнуць павольна расці, як яны рабілі гэта з пачатку года, да снежня 2009 года еўра будзе каштаваць пад 4300 беларускіх рублёў, а афіцыйны кошт долара пераваліць за BYR 3000!

Паводле фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, і ўсталяванне, і пашырэнне валютнага калідора паслядоўна ўпісваецца ў крэдытную лінію “Standby”, якую ў Беларусі зараз рэалізуе Міжнародны валютны фонд (МВФ). Standby-крэдыты выдаюцца краінам, якія сутыкнуліся з нечаканым пагаршэннем знешніх умоваў: падзеннем экспарту і закрыццём крэдытных рынкаў. Распавядае Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы: “Зразумела, што эксперты МВФ паглядзелі, што з-за падзення экспарту пагаршаецца сальда плацежнага балансу, а значыць патрабуецца дэвальвацыя. Пасля яны прыкладна падлічылі памеры крэдытных рэсурсаў, якія патрабуюцца на тое, каб крызісны час працягнуць.

Зрабілі ступеньчатую дэвальвацыю, што, у прынцыпе, трапна. Пасля чаго звычайна і ўводзіцца такая жорсткая прывязка, каб збіць далейшыя дэвальвацыйныя і інфляцыйныя чаканні”.

Эканаміст Леанід Заіка таксама ўпэўнены ў тым, што валютны калідор мае важнае псіхалагічнае значэнне. Таксама, як і змены яго памераў.

Леанід Заіка: “Калі цэнтральны банк усталёўвае дыяпазон дэвіяцыі ў межах валютнага калідора ў 5%, дык мы павінныя сказаць яму: “Дзякуй, цэнтрабанк! У вас вельмі добрая грашовая пазіцыя, вы можаце добра трымаць курс!” Але гэта няпраўда! І наш Нацыянальны банк цяпер адмаўляецца ад гэтай заведама непраўдзівай карціны! Нацбанк стаў больш прагматычным і шчыра паказаў нам магчымасці беларускага рубля”.

Нацбанк проста дае нам сігнал – да канца года адбудзецца перапад курса беларускага рубля на ўзроўні +/– 10%. Таму, на думку эксперта, пашырэнне валютнага калідора не павінна выклікаць ажыятажнага попыту на долары ды еўра. Наадварот, пашырыўшы калідор, Нацбанк Беларусі спрыяе таму, што дасведчаныя людзі будуць больш давяраць беларускай фінансавай сістэме.

Праўда, адным валютным калідорам інфляцыю беларускага рубля не стрымаеш. На думку Леаніда Заікі, дзейснымі сродкамі былі б скарачэнне імпарту і заробкаў:

Леанід Заіка: “Простым беларускім грамадзянам павінна быць цалкам зразумела, што сёння беларускі рубель пераацэнены. Мы па імпарце пакуль што зашмат набываем і пральных машынаў, і цацак, і сала мы з Італіі завозім... Пры такім вялікім імпарце даводзіцца выдаткоўваць шмат валюты, і валюта даражэе.

І яшчэ, мы згубілі палову экспарту. Наш валютны прыбытак зараз у два разы меншы, чым быў. І, калі шчыра, трэба было б у два разы зменшыць заробкі. Дарэчы, так зрабілі латышы: і настаўнікам, і дактарам, і міністрам латышы зменшылі заробак роўна ў два разы!”

Скараціць імпарт беларускія ўлады рознымі спосабамі імкнуцца ўжо даўно. Досвед барацьбы з крызісам падказвае, што наступным крокам будзе істотнае памяншэнне заробкаў…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі