Лекі ад свінога грыпу — без праблем толькі ў Мінску

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці можна набыць лекі ад хваробы ў рэгіёнах У цэнтры інфармацыі Брэсцкага абласнога аптэчнага склада Еўрарадыё сказалі, што ў наяўнасці ёсць толькі некалькі ўпаковак “Таміфлю” на складзе. У аптэках нібыта гэтыя лекі ўжо разабралі.

У аб’яднанні “Фармацыя”, якому належыць большасць аптэк Брэста, паведамілі, што гэты замежны прэпарат завезлі ў невялікай колькасці яшчэ ў 2007 годзе. І хаця прамінула ўжо два гады, лекі ўсё адно пакуль ляжаць без попыту: занадта дарагія — кошт 10 таблетак сягае 90 тысяч рублёў. Даступнае “Таміфлю” будзе толькі ў бальнічных аптэках.

У Гродне ўпакоўка “Таміфлю” знайшлася толькі ў адной камерцыйнай аптэцы. Атрымалі яе таксама яшчэ два гады таму. Лекі не карысталіся попытам з-за высокага кошту, таму з таго часу прэпарат больш не замаўлялі.

Дарэчы, у Гродне існуюць 2 даведачныя службы — па дзевятнаццаці дзяржаўных і больш як дваццаці камерцыйных аптэках. Паводле аператараў, лекаў з такой назвай нідзе няма. Хаця аптэка, дзе карэспандэнту Еўрарадыё ўдалося знайсці прэпарата, таксама ўваходзіць у сетку інфарматараў, звесткі пра “Таміфлю” адсутнічалі. Супрацоўніца ж дзяржаўнай даведачнай службы пра гэты прэпарат увогуле пачула ўпершыню ад Еўрарадыё.

Нагадаем, што акурат у нашай заходняй суседцы — Польшчы ўжо выяўленыя два выпадкі свінога грыпу.

Не рупяцца пра лекі ад свінога грыпу і аптэкары далей на ўсход ад мяжы. У прыватнасці, у Мастах карэспандэнт Еўрарадыё не знайшоў ніводнага з чатырох прэпаратаў, якія лекуюць свіны грып, — “Азелтамівір”, “Рыбаверын”, “Занамівір” і “Таміфлю”.

Няма сэнсу бегаць і па віцебскіх аптэках у пошуках лекаў ад свінога грыпу. Адмысловыя прэпараты сюды пакуль не завозілі. Маўляў, грып — ён грып і ёсць. А гэта значыць, лячыцца ад яго — хай ён і свінячы — можна любым антывірусным прэпаратам.

Супрацоўніца віцебскай аптэкі: "Маем антывірусныя прэпараты, напрыклад, арбідол, арпетол — гэта звычайныя антывірусныя прэпараты. А свінячы грып — гэта ж вірус! Не, у інструкцыі да лекаў не напісана, што яны дзейнічаюць на свінячы грып, там проста напісана — "антывірусныя прэпараты".

Адзіным горадам, дзе лекары ўстурбаваліся пры вестках пра свіны грып, выявіўся Магілёў. У магілёўскай аптэцы №1, пачуўшы пра свіны грып, карэспандэнта Еўрарадыё адразу захацелі ізаляваць.

Аптэкарка: "У вас свіны грып?! Пра кожны выпадак свінога грыпа мы павінны паведаміць у санстанцыю. Давайце хутчэй вашыя звесткі. Вас трэба ізаляваць у змясціць у стацыянар. Таксама ўсіх хто быў з вамі ў кантакце".

Аднак у той самай аптэцы паведамілі, што канкрэтных лекаў ад свінога грыпу не маюць. Ёсць толькі супрацьвірусныя прэпараты, сярод якіх вылучаюць арбідол і рэмантадын, якія рэкамендуе санстанцыя. Нагадаем, што рэмантадын на свіны грып ніяк не ўздзейнічае.

Дарэчы, у Мінску "Таміфлю" ёсць амаль у кожнай аптэцы.


Фота — Газета.ру

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі