Лепш ехаць у Расію, чым на Алімпіяду ў Парыж — кіраўнік БФЛА Іван Ціхан

Лёгкая атлетыка

Лёгкая атлетыка / pexels.com

Беларускім лёгкаатлетам лепш ехаць на турніры ў Расію, чым на Алімпійскія гульні ў Парыж. Такое меркаванне выказвае кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыі Іван Ціхан.

"Лепш, як я бачу, атрымаць станоўчы досвед сярод моцных спартсменаў у Расіі, чым ехаць туды", — перадае sport5.by ягоныя словы.

Сваю пазіцыю Ціхан тлумачыць тым, што на беларускіх спартоўцаў могуць аказваць моцны псіхалагічны ціск, побач з імі не будзе ні трэнера, ні абслуговага персаналу. "Лёгкая атлетыка развіваецца ўжо больш за сто гадоў, вынікі высокія, і дробязяў не бывае. А ўсе гэтыя дробязі вельмі моцна будуць уплываць на вынік спартсмена на Алімпіядзе. Плюс псіхалагічнае ўздзеянне. Такі негатыўны вопыт не хочацца даваць маладым спартсменам асабліва", — заяўляе спартовы функцыянер.

Па словах Ціхана, асабістыя рэкорды можна працягваць ўсталёўваць у іншым месцы.

Міжнародны Алімпійскі камітэт рэкамендаваў спартовым федэрацыям дапусціць спартоўцаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў асабістых спаборніцтвах (не камандных) у нейтральным статусе. Пры гэтым выстаўлялся шэраг умоваў — напрыклад, непадтрымка расійскай агрэсіі, адсутнасць кантрактаў з ваеннымі арганізацыямі ці органамі бяспекі і г.д.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі