Ліцэісты: Каб хутчэй надышло 1 верасня
Навучэнцы Коласаўскага ліцэя расказалі пра тое, якія якасці гэтай установы гэтак вабяць моладзь.
Напрацягу трох дзён у нашай варшаўскай студыі разам з ліцэістамі Коласаўскага ліцэя мы абмяркоўвалі будучыню Беларусі. Цыкл сустрэч з імі Еўрарадыё арганізавала ў супрацы з польскім Клубам каталіцкай інтэлігенцыі. Прапануем вашай увазе другую частку размовы: з ліцэістамі Ягорам, Воляй і Ксеніяй, а таксама з настаўніцай — спадарыняй Наталляй.
Еўрарадыё: Што для вас значыць вучыцца ў Ліцэі?
Ягор: Для мяне Ліцэй — гэта перш за ўсё вялікая сям’я. Усе ведаюць адно аднаго і кожны можа прыйсці табе на дапамогу, калі ў цябе цяжкі выпадак ці праблемы з навучаннем.
Воля: Ліцэй — гэта пэўная атмасфера. Прыязная атмасфера. Заўсёды побач людзі, якія табе падабаюцца, з якімі ты добра сябе адчуваеш.
Ксенія: Я не ўяўляю свайго жыцця без Ліцэя. Нягледзячы на тое, што вучуся я толькі год, але гэта ўжо стала вельмі вялікай часткай майго жыцця.
Спадарыня Наталля: Я таксама скончыла Ліцэй і прыпамінаю свае ўражанні. Памятаю, як падчас вакацый хацелася, каб хутчэй надышло 1 верасня, каб вярнуцца да сваіх сяброў, у тую самую атмасферу, пра якую цяпер казалі ліцэісты. Пасля школы, дзе не хацелася хадзіць на заняткі, я адчула, што вось нарэшце мне хочацца 1 верасня.
Еўрарадыё: Чым Ліцэй адрозніваецца ад звычайнай школы?
Ягор: Я пачуў, што ў Ліцэі заўсёды размаўляюць па-беларуску. Калі ты незнарок загаворыш па-руску, цябе лагодна папярэдзяць, што лепш размаўляй па-беларуску — усім будзе прыемна. У школе мне не падабалася, бо там не было чагосьці такога “лепшага”.
Воля: Ліцэй — гэта сапраўды як сям’я. У школе ты іншы раз не ведаеш, як зваць усіх навучэнцаў, а тут усе ведаюць адно аднаго і падтрымліваюць вельмі моцна.
Еўрарадыё: А вам не замінае, што трэба а шостай раніцы ўскатурхацца і ехаць аж у Ждановічы вучыцца?
Ксенія: Зусім не. Калі ты жадаеш… Для мяне вельмі важна вучыцца на беларускай мове. Калі табе падабаецца — ты ўсё адно будзеш ісці наперад.
Еўрарадыё: Ведаю адну дзяўчыну, якой маці шмат гадоў “паласкала мазгі”, каб тая не ішла ў Ліцэй. Але дзяўчына ўрэшце пераканала маці, што ў Ліцэй трэба ісці. У Ліцэі штаноў дарма не праседзіш, у Ліцэі вучыцца класна.
Ягор: Гэта сапраўды так. У Ліцэй людзі ходзяць, каб вучыцца і шмат.
Еўрарадыё: Чаго вартая толькі антычная літаратура! Вучылі ўжо? “Прад табой чало хілю, Афрадыта. Зеўсава дачка, што ў цянёты вабіш…” Мне ў еўрапейскім універсітэце вельмі прыдаліся веды з другога курсу Ліцэя: логіка, сацыялогія і іншыя — прадметы, якіх у звычайнай школе дзеці не ведаюць. А раскажыце пра вашыя прадметы. Што больш за ўсё вам падабаецца?
Ягор: Мне вельмі падабаецца ангельская мова, я яе добра ведаю і з прыемнасцю вывучаю.
Еўрарадыё: А якімі шляхамі хто з вас прыйшоў у Ліцэй?
Воля: Я прыйшла з 10-й гімназіі з лінгвістычным ухілам, а заахвоціла мяне сяброўка.
Еўрарадыё: “Хадзем, хадзем, там такая класная ўстанова!..” Нешта такое?
Воля: Так. Я прыйшла і мне так спадабалася!
Еўрарадыё: Проста спадабалася? Ніхто табе цукерак не даваў? Нічым цябе не частавалі ў Ліцэі?
Воля: Мне спадабалася менавіта там вучыцца.
Еўрарадыё: А ты, Ксенія, як дайшла да такога жыцця?
Ксенія: Я вучылася ў 2-й гімназіі, потым пайшла на курсы на ТБМ і там даведалася пра Ліцэй. Пайшла, з’ездзіла з Ліцэем у Польшчу… Калі я пачула ўсюды беларускую мову — немагчыма адмовіцца ад гэтага.
Еўрарадыё: А па якіх падручніках вы вучыцеся?
Спадарыня Наталля: Першая наша бібліятэка была вынесена з будынку Ліцэя, калі ў нас яго забіралі. Кнігі перадавалі праз акно, кожны браў, колькі мог — так мы ўратавалі нашую бібліятэку. Мы ўвесь час пашыраем яе, хоць гэта не так і лёгка. Мы робім ксеракопіі нейкіх матэрыялаў, калі іх няма ў падручніках, але з большага дзеці вучацца па падручніках. Гэта беларускамоўны падручнік матэматыкі, падручнік фізікі — праграма надта не змянілася шмат па якіх прадметах. А мы прытрымліваемся беларускай праграмы, таму — карыстаемся падручнікамі.
Еўрарадыё: Ці ёсць у вас класічныя для ўсіх школаў выклікі да дырэктара, бітыя шыбы, вазоны з фіялкамі, што падаюць вам на галовы, адарваныя канцавіны і іншая “мясарубка” на дыскатэцы?.. Што нагадвае атмасфера? Санаторый, універсітэт, Інстытут геалогіі НАН Беларусі?.. Вашыя асабістыя інтымныя пачуцці да гэтага месца — Ліцэя Якуба Коласа…
Ягор: Атмасфера вельмі нагадвае ўніверсітэт, бо нас да гэтага рыхтуюць і часта раяць усё запісваць, добра вучыць, кажуць, што ўсё гэта спатрэбіцца ва ўніверсітэце, у нас такая праграма — вельмі насычаная.
Еўрарадыё: А ці ты, Ягор, прыйшоўшы ў Ліцэй, неяк адарваўся ад сваіх былых аднакласнікаў, сваіх сяброў і знаёмых?
Ягор: Не, я і далей кантактую з імі, сустракаюся, калі толькі маю час.
Еўрарадыё: А як яны ставяцца да таго, што ты навучаешся ў Ліцэі?
Ягор: Я не пытаўся, але думаю, што яны радыя за мяне.
Еўрарадыё: Ты не становішся для іх чужы?
Ягор: Не. Вядома — не.
Еўрарадыё: А ў вас, дзяўчыны? Ці Ліцэй нешта змяніў у вашым таварыскім жыцці?
Воля: Тыя сябры, якія былі — тыя і засталіся. Толькі дадаліся новыя. Некаторыя знаёмыя ставяцца добра да Ліцэя, але некаторыя не разумеюць. Яны не разумеюць, навошта мне гэтыя іспыты, навошта мне рабіць столькі дамашняга задання… Растлумачыць я гэтага ім не магу.
Еўрарадыё: Ліцэй усе іспыты здае экстэрнам. Усе гэта праходзілі. Раскажыце пра экстэрнат.
Воля: Экстэрнат — гэта складана. Увесь травень трэба праз дзень здаваць іспыты.
Еўрарадыё: Па ўсіх прадметах?
Воля: Так, 18 іспытаў. А ў 11-м класе нават больш. А потым яшчэ ў чэрвені — абавязковыя іспыты за базавую школу, якія ўсе здаюць пасля 9-га класа.
Еўрарадыё: А як цяпер ідзе “каляліцэйнае” жыццё? Некалі, памятаю, ладзіліся Каляды, былі “ліцэйныя” песні, што пераходзілі з вуснаў у вусны… Як цяпер у вас гэта выглядае? Чым вы займаецеся разам па-за вучобай? Што вас усіх яднае?
Воля: У нас ёсць музычны гурток, назаўтра мы ладзім развітальную вечарыну — мы кончым наш побыт у Варшаве і ад’язджаем дамоў.
Еўрарадыё: Пэўна, не ўсе нашы слухачы ведаюць, што на некалькі месяцаў на год ліцэісты выязджаюць у Польшчу. Улетку польскія вучні з’язджаюць у адпачынкі і беларускім ліцэістам дазваляюць пакарыстацца, напрыклад, кабінетамі хіміі. Існуе пэўны школьны фальклор, і, пэўна, калі польскія вучні вяртаюцца навосень у школы — яны не разумеюць, што ў іх напісана на партах, што гэта за такія дзіўныя літары-чарвячкі…
А ці ёсць выпадкі, калі людзі прыходзяць у Ліцэй, але потым адыходзяць?
Ксенія: Так. Такое можа здарыцца праз кепскае навучанне, праз парушэнне дысцыпліны і іншае.
Еўрарадыё: У Ліцэі, як і ў кожнай школе, ёсць дысцыпліна, бацькоўскія сходы, выклікі да дырэктара, але атмасфера — яна іншая.
А якой уяўляеце добрую школу вы? Якая атмасфера мусіць панаваць у школе? Далучайцеся да нашай дыскусіі з ліцэістамі ў каментарах.
Трэцяя частка размовы з’явіцца на нашай старонцы неўзабаве.
Фота: facebook.com/viachorka