Ліцэй патрабуе 4 мільёны з выпускніцы, якая паступіла ва ўніверсітэт

А не адпрацавала год па размеркаванні.
Марына Каласоўская ў 2008 годзе скончыла першы Магілёўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй, пасля чаго яе размеркавалі на прадпрыемства "Магатэкс". Папрацаваўшы два месяцы, дзяўчына вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю і пайшла на падрыхтоўчыя курсы. З працы яе звольнілі па згодзе абодвух бакоў, і Марына пачала вучыцца на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. 

"А потым праз 10 месяцаў на мяне падаў у суд ліцэй. На судзе мяне абавязалі выплаціць ліцэю 4 мільёны 227 тысяч 303 рублі за тое, што не адпрацавала па размеркаванні".

Цікава, што ў суд на Марыну падалі ўжо тады, калі яна, адвучыўшыся на падрыхтоўчых курсах, паступіла ва ўніверсітэт. 

Між тым, пастанова Саўміна аб маладых спецыялістах, якая абавязвае выпускнікоў адпрацоўваць па размеркаванні, дазваляе пазбегнуць адпрацоўкі, калі паступаеш у ВНУ, патлумачылі Еўрарадыё ў аддзеле адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.

"Нягледзячы на тое, што яна паступіла на дзённую форму, у нас ёсць парадак, які зацверджаны пастановай аб маладых спецыялістах. Можна звольніць маладога спецыяліста, калі ён паступіў ва ўстанову, якая дае адукацыю на ступень вышэй за тую, якую меў дагэтуль. Але залічэнне слухачкай не лічыцца павышэннем. Яна ж потым магла не здаць іспыты і не паступіць. Толькі потым, калі здала, яна атрымала запіс, што стала студэнткай".

Паводле словаў юрыстаў, прадпрыемства, на якое размеркавалі Марыну, не мела права яе звальняць, пакуль дзяўчына не стала студэнткай. Яна ж звольнілася, калі запісалася на падрыхтоўчыя курсы, а толькі потым паступіла ва ўніверсітэт. Тым не менш, студэнткай яна стала. Чаму ліцэй усё адно патрабуе вярнуць грошы? Юрысты ўпраўлення адукацыі прызнаюць, што гэта казус, але вырашыць пытанне ніяк не атрымоўваецца:

"Мы звязваліся з нашым міністэрствам, спрабавалі вырашыць пытанне індывідуальна — магчыма, ёсць нейкі пралаз, але, на жаль, закон кажа, што павышэннем адукацыі лічыцца толькі калі залічылі студэнтам. На жаль, тыя рычагі, якія па лініі міністэрства мы можам задзейнічаць, нічым не дапамаглі. Застаецца толькі праз пракуратуру абавязаць прадпрыемства несці долевую адказнасць у пагашэнні сумы, бо часткова ёсць і іх віна".

Марына Каласоўская разам з маці звяртаецца ў розныя інстанцыі і нават дайшла да Вярхоўнага суда, дзе папярэдняе рашэнне пакінулі без зменаў.

"Мяне звольнілі, а я павінна за іх несці адказнасць, за тое, што яны парушылі закон. Перад тым, як мяне звольніць, яны, нібыта, не ўзгаднілі дзеянні з ліцэем — а я апынулася крайняя. У Вярхоўным судзе нам раілі падаць позву на прадпрыемства. Магчыма, мы так і зробім".

Магілёўскі дэпартамент па працы і пракуратура Ленінскага раёна прызнаў звальненне Марыны неправамерным, але пастанова Саўміна нават у такім выпадку не вызваляе маладога спецыяліста ад адказнасці.

"Перад тым, як звальняцца, я запытала ў юрыстаў на працы, ці можна мне пайсці на дзённую форму, альбо лепш на завочную. Мне сказалі, што калі я паступлю і прынясу даведку, то магу ісці на дзённую. Многім, хто вучыўся са мной, сказалі, што калі паступіш на дзённае ўжо як студэнт, а не слухач, то мы цябе адпусцім і не будзем кранаць, а калі на завочнае, то вернешся адпрацоўваць. Але я вось так патрапіла".

Самае цікавае, што Марына перад тым, як ісці на падрыхтоўчы факультэт, папярэдзіла і ліцэй, і працадаўцу. Сама ж яна кажа, што не ведала, што ў такім разе не мае права звальняцца з працы. 

У аддзеле адукацыі кажуць, што з такім выпадкам сутыкаюцца ўпершыню. Згодна са словамі праваабаронцы Ўладзіміра Краўчанкі, многія проста моўчкі выплачваюць грошы.

"Агулам працэнтаў 10 выпускнікоў так ці інакш сутыкаюцца з гэтай праблемай. Гэта не вялікі працэнт. Але, тым не менш, большасць цягне лямку і маўчыць. Тых, хто шукае праўду, вельмі мала".



Фота: dp.ric.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі