Лідэры краін ЕС ухвалілі польска-швецкі праект "Усходняе партнёрства"

Лідэры 27 краін-сяброў Еўрасаюза ўхвалілі польска-швецкі праект Еўрапейскай палітыкі добрасуседства ў адносінах шасці ўсходніх суседзяў ЕС "Усходняе партнёрства".

Як інфармуе РИА "Новости", адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў праекце заключэння саміту, які праходзіў у Бруселі 19-20 чэрвеня.

"Еўрапейскі Савет (паўнамоцны форум кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краін ЕС) згодны з неабходнасцю далейшага развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва ЕС з суседзямі на Усходзе", - адзначаецца ў дакуменце.

Нагадаем, праект "Усходняе партнёрства" прадугледжвае стварэнне форума рэгіянальнага супрацоўніцтва краін ЕС з Украінай, Малдовай, Грузіяй, Азербайджанам і Арменіяй, а таксама - на ўзроўні экспертаў - з Беларуссю. Рэалізацыя праекта, на думку яго аўтараў, мусіць прывесці да адмены візавага рэжыму ЕС з названымі краінамі, а таксама да стварэння зоны свабоднага гандлю паслугамі і таварамі. У пачатку чэрвеня праект "Усходняе партнёрства" быў перададзены ў МЗС Беларусі.

БелаПАН адзначае, што ў адрозненне ад іншых краін - суседзяў Еўрасаюза Беларусь у Еўрапейскую палітыку добрасуседзтва ўваходзіць фармальна. Двухбаковае пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве не падпісанае, няма плана дзеянняў, у адпаведнасці з якім выдзяляліся б сродкі на праекты ў Беларусі. Брусель падтрымлівае незалежныя СМІ і беларускіх студэнтаў, рэалізуюцца трансгранічныя праекты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі