Lifenews: Калі скажуць, што кнігі Алексіевіч купляюць нячаста, будзе нашмат лепш
Як толькі стала вядома, што Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры прысудзілі беларусцы Святлане Алексіевіч, прадстаўнікі расійскага парталу Lifenews тут жа прыехалі ў “Цэнтральную кнігарню” Мінска. У кабінеце, дзе працуе адміністрацыя крамы, з імі сутыкнуўся журналіст Еўрарадыё.
Дзяўчына з Lifenews: Я зараз па месцы зарыентуюся, я спачатку пагляджу. Мне б інтэрв’ю вашага супрацоўніка, які б…
Адміністратар: Няма такога супрацоўніка. На жаль, у адпачынку абедзве.
Дзяўчына з Lifenews: Нам проста на самай справе трэба, каб нехта сказаў, наколькі часта гэтыя кнігі купляюць. Калі, шчыра кажучы, скажуць, што іх купляюць вельмі нячаста, будзе нашмат лепш…
На заўвагу, што кнігі Алексіевіч даволі папулярныя, дзяўчына з Lifenews уключыла, як кажуць, заднюю перадачу і прапанавала “сказаць, як ёсць”.
Тым часам расійскі партал змяшчае пра Святлану Алексіевіч даволі нейтральныя артыкулы. Што праўда, у каментарах на пісьменніцу абрынуліся з крытыкайі называюць яе “здрадніцай”. Гэта плата за антыпуцінскую пазіцыю пісьменніцы.