Загадчыца кнігарні: Кнігі Алексіевіч куплялі раніцай яшчэ да абвяшчэння Нобеля

Загадчыца кнігарні: Кнігі Алексіевіч куплялі раніцай яшчэ да абвяшчэння Нобеля

Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры за 2015 год.

Калі з'яўляемся ў сталічную “Белкнігу”, што па праспекце Незалежнасці, у краме яшчэ не ведаюць грандыёзнай навіны пра Нобелеўскую прэмію Святланы Алексіевіч. Але і без гэтага цэлы шэраг яе кніжак тут прадстаўлены.

“У прынцыпе, усе яе творы нармальна прадаюцца. Асабліва цікавяцца апошняй кнігай Алексіевіч “Час сэканд хэнд” і ўжо класічнай “Чарнобыльскай малітвай”, — аналізуе загадчыца "Белкнігі"Алена Тарасюк.

Аднак калі глядзець на справу з камерцыйнага пункту гледжання, продажы выданняў нобелеўскай лаўрэаткі сярэднія.

“Чаму? Зірніце на кошт”, — тлумачыць сітуацыю Алена Тарасюк.

Аказваецца, што любая кніжка Алексіевіч каштуе блізу 230 тысяч беларускіх рублёў, бо выдаваліся яны ў Расіі. Зразумела, што студэнты і школьнікі з большай ахвотай бяруць кніжкі іншых беларускіх класікаў за 60 тысяч, якія ў мяккім пераплёце і выдадзеныя ў Беларусі.

Загадчыца кнігарні: Кнігі Алексіевіч куплялі раніцай яшчэ да абвяшчэння Нобеля

Таксама Алена Тарасюк падкрэслівае, што пакупнік кнігі Святланы Алексіевіч — чалавек сярэдняга і больш сталага веку.

У Цэнтральнай кнігарні Мінска Еўрарадыё натыкаецца на расійскі партал Lifenews. Увага суседскіх СМІ да персоны беларускай пісьменніцы не здзіўляе. Сама Святлана Алексіевіч прызналася, што ў чацвер 8-га кастрычніка ўжо атрымала віншаванні ад міністра культуры Расіі Уладзіміра Мядзінскага. Ад чыноўнікаў з беларускага міністэрства — ні чуткі, ні прачуткі.

У Расіі датычна Алексіевіч вядуцца жорсткія спрэчкі. Адны лічаць яе часткай так званага “рускага міру”, бо піша па-руску. Другія — успрымаюць за ворага, бо Алексіевіч крытычна ставіцца да пуцінскага палітычнага курса.

Тым часам супрацоўніца Lifenews Юля вядзе перамовы з адміністрацыяй Цэнтральнай кнігарні:

“Нам насамрэч трэба, каб нехта сказаў, наколькі часта яе кнігі купляюць. Шчыра кажучы, калі, скажуць, што іх купляюць даволі нячаста, гэта будзе нашмат лепш…”

Загадчыца кнігарні: Кнігі Алексіевіч куплялі раніцай яшчэ да абвяшчэння Нобеля

“Чарнобыльская малітва” ў флагманскай кнігарні каштуе 225000 рублёў. Гэта ўсё тое ж расійскае выданне. У краме засталося блізу 20 асобнікаў. Таксама засталіся лічаныя экземпляры “Апошніх сведкаў” і “У вайны не жаночае аблічча” па тых жа коштах.

“З раніцы яе кніжкі ўжо куплялі. Яна заўжды была папулярным аўтарам, як толькі з’явілася. І цяпер Алексіевіч, зразумела, актуальная”, — сцвярджаюць у “Цэнтральнай кнігарні”.

У яшчэ адной папулярнай сталічнай кнігарні “Веды” ў аддзеле букіністычнай літаратуры кніг Святланы Алексіевіч няма ўвогуле: людзі не прыносяць.

У аддзеле з новымі кніжкамі самымі запатрабаванымі аўтарамі класічнай беларускай літаратуры лічацца Уладзімір Караткевіч і Васіль Быкаў. З сучасных беларускіх аўтараў у топах — Наталля Батракова (піша жаночыя раманы) і Тамара Лісіцкая.

З новых кніжак Алексіевіч прадаецца толькі “У вайны не жаночае аблічча”. Але абсалютна ва ўсіх крамах чакаюць, што з гадзіны на гадзіну попыт на творы Нобелеўскай лаўрэаткі павялічыцца ў разы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі