Ліст ад слухачоў: “Помнік палеглым салдатам ― занядбаны, на могілках развал

Жыхары вёскі Ямпаль Рэчыцкага раёна звярнуліся ў Еўрарадыё яшчэ на пачатку красавіка. Наракалі на тое, што мясцовыя чыноўнікі не звяртаюць увагі на могілкі ў суседняй вёсцы Падроўнае (у населеным пункце амаль не засталося жыхароў). У полі ля могілак, пра якія вялася гаворка, за часамі вызвалення Беларусі ў Другой сусветнай вайне вяліся цяжкія баі чырвонаармейцаў з нацыстамі. Палегла шмат людзей.

“І вось сёння магіла нашым невядомым салдатам ― у занядбаным стане. Забор на могілках гнілы, там-сям ужо разваліўся, праз гэта туды забягаюць дзікі, ― апісалі сітуацыю мясцовыя жыхары. ―  Некаторыя магілы даглядаюць, а некаторыя ― амаль  зраўнаныя з зямлёй. Чыноўнікі гадамі абяцаюць адрамантаваць агароджу, але зрухаў ніякіх няма. Хоць справа не толькі ў памяці пра былыя пакаленні, але і ў тым, што многія з пахаваных на могілках у Падроўным ― удзельнікі Вялікай айчыннай вайны…”

У пацверджанне сваіх слоў мясцовыя жыхары выслалі фотаздымкі таго развалу, які адбываецца на могілках.

У пачатку красавіка Еўрарадыё звязалася з Міхаілам Баярыным, старшынёй Рэчыцкага раённага савета дэпутатаў, і пацікавілася праблемай з могілкамі ў Падроўным.

“Дошчачка туды закупленая, брускі. Могілкі будуць прыведзеныя ў парадак цягам красавіка”, ― паведаміў тады Міхаіл Захаравіч. 

І вось красавік мінуў, да канца набліжаецца і травень. Але, як паведамілі Еўрарадыё мясцовыя жыхары, зрухаў у плане добраўпарадкавання могілак не здарылася  ні перад Радаўніцай, ні перад Днём Перамогі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі