Літоўская мытня затрымала кантрабандныя цыгарэты з Беларусі амаль на 3 млн еўра
Літоўская мытня затрымала вялізную партыю кантрабандных цыгарэт. Як піша delfi.lt, у грузавіку Man, які ехаў з Беларусі, выявілі каля 750 тысяч пачкаў цыгарэт.
Мытнікі падазравалі, што ў грузавіку можа быць кантрабанда, таму праверылі яго з дапамогай рэнтгенаўскай сістэмы кантролю. У машыне перавозілі вялізныя мяхі з драўлянымі грануламі. І ў такіх самых мяхах былі пачкі цыгарэтаў.
Пры далейшым аглядзе выявілася, што большая частка паўпрычэпа была адгароджаная драўлянай дошкай, а прастора за ёй таксама была запоўненая каробкамі цыгарэт Fest.
Папярэдне кантрабандны груз ацэньваецца ў 2,737 мільёна еўра.
Грузавік і кантрабанда затрыманыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.