Літоўскі гурт Biplan: Можа, у Мінску мы спяем цэлую праграму па-беларуску!
“Поп-гурт 2013 года” распавёў Еўрарадыё, ці хочуць яны на Еўрабачанне, каго ведаюць з беларускіх музыкаў і чаму адмаўляюцца ад удзелу ў тэлешоў
Гурт Biplan дасць канцэрт 2 сакавіка ў сталічным клубе Tarantino. Хоць “Біплан” і быў створаны ажно ў 1995 годзе, цяпер ён зноў на хвалі папулярнасці. У студзені 2014 года музыкі атрымалі літоўсукю прэмію M.A.M.A як “Поп-гурт 2013 года”.
Да 14 лютага музыкі правялі ў Беларусі конкурс на пераклад сваёй песні “Amore” на беларускую мову. Тое, што атрымалася прагучыць ён і на мінскім канцэрце. Напярэдадні лідар гурта Макс Мельман і гітарыст Алег Аляксееў адказалі на пытанні Еўрарадыё.
Апошняя інфармацыйная нагода, якая прагучала ў нас, звязаная з гуртом Biplan, гэта беларускі пераклад песні "Amore". Якая была галоўная мэта конкурсу на такі пераклад?
Макс Мельман: Песня "Amore" першасна была запісаная па-літоўску. Потым у нас былі думкі, што яна прагучыць яшчэ і па-руску, бо большасць нашых песень мае рускую версію. Так атрымалася, што мы ў мінулым годзе даволі часта бывалі ва Украіне, і там нарадзілася ідэя, запісаць песню па-украінску. Што і было даволі хутка зроблена. Вядома, кожнай краіне прыемна, калі песня гучыць на іх роднай мове! З беларускім варыянтам выйшла так. Мы даволі часта праязджаем Беларусь. І хацелі б бываць тут часцей — і з канцэртамі, і проста, каб у Беларусі больш даведаліся пра гурт Biplan. Таму тут былі тыя ж думкі: беларусам будзе прыемна пачуць песню "Amore" па-беларуску. Мы запісалі песню, і вельмі спадзяемся, што яна спадабаецца!
Як думаеце, у чым прычына таго, што на конкурс прыйшло ажно 80 перакладаў?
Макс Мельман: Думаю, шмат на гэта прычын ёсць. Людзям было цікава гэтым заняцца. Літаральна некалькі дзён таму я атрымаў у сацыяльных сетках ліст ад дзяўчыны, якая ўдзельнічала ў конкурсе. Яна напісала, што яе варыянт, на жаль, не быў абраны. Але яна дзякуе нам за такое натхненне, бо гэта была яе першая вершаваная спроба па-беларуску, раней яна пісала па-руску. Яна дзякавала і казала, што цяпер будзе пісаць па-беларуску! Што гэта быў для яе досвед, выклік. Беларуская мова вельмі прыгожая, і тое, што ўсё больш людзей размаўляюць на роднай мове — гэта цудоўна! А што да песні, то людзям, відаць, было цікава, як літоўскія хлопцы заспяваюць па-беларуску!.. (смяецца)
Еўрарадыё: Што дапамагло так чыста, нават у плане вымаўлення і фанетыкі, выканаць гэтую песню па-беларуску?
Макс Мельман: Тут мы не абышліся без дапамогі. Папрасілі нашага сябра, які беларус і жыве ў Вільні. Ён нам дапамагаў, сядзеў у студыі падчас запісу — карэктаваў, раіў, папраўляў. Тое самае было і з украінскай версіяй — узялі ў дапамогу чалавека з Украіны. Папрацавалі! Ці гэта здольнасць да моваў... (смяецца)
Макс Мельман
Пра рускую мову
Еўрарадыё: Многія песні вашага гурта існуюць паралельна на рускай мове. Але неяк у інтэрв’ю вы прызналіся, што амаль не выконваеце іх у Літве. Вядома, што ў Літве пытанне з рускай мовай стаіць востра. Якое ваша меркаванне па моўным пытанні?
Макс Мельман: Мы сапраўды ў Літве спяваем па-руску вельмі рэдка. Чаму? Гэта ніяк не звязана з вастрынёй успрыняцця рускай мовы ў Літве. Бо ў Літве натуральна спяваць па-літоўску. Мы літоўскі гурт. Калі мы едзем з канцэртамі ў Расію, спяваем на рускай мове. Гэта тое самае, чаму мы спяваем "Amore" па-беларуску. Бо гэта натуральна — спець у Беларусі па-беларуску. Можа быць, увогуле на мінскім канцэрце будзе ўся праграма па-беларуску, хто ведае. Я цяпер кажу з доляй іроніі, але палова праўды тут ёсць. Brainstorm, якія працуюць у Расіі, таксама спяваюць там па-руску. А дома, у Латвіі, яны Prata Vetra і спяваюць па-латышску.
Еўрарадыё: Гэта вы агучылі сваю пазіцыю. А як ставяцца літоўцы да таго, што выконваеце свае песні таксама і па-руску? Ці ёсць нейкія негатыўныя рэакцыі?
Макс Мельман: Ды не, абсалютна не! Магчыма, нейкая драбяза ў выглядзе адзінкавых каментарыяў у інтэрнэце. У нас да гэтага спагадліва ставяцца. Гэта б выглядала так, як калі нейкі літоўскі баскетбаліст, які гуляе за расійскі клуб, яму б усе казалі: “Эх ты, у Расіі гуляеш!..” Такога няма. Усе ж разумеюць, што гэта талент з Літвы, і ім ганарацца. Гэтак жа ганарацца і намі, што мы выступаем у Беларусі, Украіне, Расіі. Мы — гурт з Літвы, які нясе літоўскі сцяг і навіну з Літвы па розных краінах.
Пра музычную індустрыю ў Літве і Беларусі
Еўрарадыё: Ад Мінска да Вільні 180 кіламетраў. Як вы мяркуеце, чаму ў Беларусі так мала ведаюць пра літоўскую музыку і музыкаў? І наадварот — у Літве мала хто ведае беларускіх.
Макс Мельман: Гэта і крыўдна! Хочацца гэта паспрабаваць выправіць — каб і ў вас ведалі больш пра нас, і ў нас пра вас. Прычыны ў тым жа: чаму мы радзей бываем у Мінску, чым у Клайпедзе, хоць адлегласць большая… Можа, таму, што складана перасекчы мяжу?
Алег Аляксееў: Я думаю, гэта асноўнае — візавы рэжым. Дапусцім, латышскіх гуртоў мы ведаем больш — іх гурты прыязджаюць да нас, нашы ў Латвіі граюць. Хаця, з Польшчай жа таксама бязвізавы рэжым, а музычнае братэрства неяк не склалася.
Еўрарадыё: Заведзена лічыць, што музычная індустрыя ў Беларусі развітая не вельмі добра. А як з гэтым справы ў Літве?
Макс Мельман: Мы заўважылі, што музычная індустрыя вельмі адрозніваецца ў вас і ў нас. Розныя стылістычныя падыходы. Праслойкі музычнай індустрыі, вельмі папулярныя ў нас, абсалютна непапулярныя ў вас. І наадварот. Зноў жа, ваша папса не збірае вялізныя залы і рэдка канцэртуе, я так разумею. У нас троху іначай. Гурты, якія граюць на жыва, часам бурчаць, што засілле папсы і "салодкай " музыкі.
Алег Аляксееў
Пра папсу і прасоўванне творчасці
Еўрарадыё: Нашу папсу крытыкуюць, што яны калька з расійскай эстрады, проста малпуюць тых. А літоўская папса мае сваё аблічча?
Макс Мельман: Зноў жа, што мы называем поп-музыкай? Мы, дапусцім, у гэтым годзе на прэміі атрымалі ўзнагароду як найлепшы поп-гурт. Аднак, калі мы кажам пра папсовых выканаўцаў, то ў Літве гэта сімбіёз рускай і заходняй папсы. Нехта — больш у рускую, нехта — больш у заходнюю. Ёсць якасная папса, ёсць няякасная. Рынак у нас даволі стылістычна насычаны. Электроніка, папса, гітарная музыка, інды-рок, вельмі моцны хіп-хоп… Выбіраць ёсць з чаго, ёсць што паказаць іншым.
Еўрарадыё: Якія асноўныя механізмы прасоўвання музыкі ў Літве? Некаторыя беларускія гурты не дапускаюць на тэлебачанне і, верагодна, гэта адна з прычын іх недастатковай вядомасці. А як у вас?
Алег Аляксееў: У нас на тэлебачанне дапускаюць усё, але не ўсе туды ідуць. За тэлебачаннем цягнецца такі не самы добры шлейф. І маладыя выканаўцы на тэлік нават не імкнуцца. Яны разумеюць, што тэлебачанне ім дапамагло б, і папулярнасць прыйшла б хутка. Але гэта ім не цікава. У нас усё ідзе праз інтэрнэт. А ёсць выканаўцы — іх можна палічыць па пальцах — у якіх мільёны праглядаў на YouTube. Але яны папулярныя толькі ў інтэрнэце, яны не могуць сабраць залы. Гэта дзіўна, трэба зразумець, чаму так адбываецца.
Biplan на ўзнагароджанні M.A.M.A. у студзені 2014 года
Пра чорныя спісы ў Беларусі
Еўрарадыё: Ці ведаеце вы пра сітуацыю з чорнымі спісамі музыкаў у Беларусі, з забаронай канцэртаў?
Алег Аляксееў: Так, чулі, натуральна. У нас жа праходзяць у Вільні канцэрты “Ляпісаў”, “Крамбамбулі”.
Макс Мельман: Якія збіраюць шматтысячныя арэны — як Siemens Arena.
Алег Аляксееў: Так, гэта самая вялікая арэна ў Літве.
Макс Мельман: Пра сітуацыю мы чулі. Я не ведаю, як да гэтага ставіцца. Як можна ставіцца да таго, што забараняецца музыка, забараняецца творчасць. Такога не павінна быць, мне так здаецца.
Еўрарадыё: Але ж вы кажаце, што некаторыя літоўскія гурты свядома пазбягаюць тэлебачання, хоць іх там ніхто і не забараняе! А нашы музыкі кажуць: хай бы нас пусцілі на тэлебачанне, мы б адразу здабылі ў разы большую папулярнасць!
Макс Мельман: Так і ёсць! Сапраўды, тэлебачанне дае вельмі многа. Зноў жа, мы даволі дарослы гурт, нам 19 гадоў хутка будзе, прайшлі ў сэнсе тэлебачання агонь, ваду і медныя трубы. Дзе мы толькі ні былі на тэлебачанні! Але цяпер мы ўжо зрабіліся мудрэйшымі, свядома туды не лезем.
Алег Аляксееў: Такое вельмі часта. Нас клічуць на нейкія праекты,якія да музыкі не маюць ніякага дачынення. Мы маглі б карыстацца гэтым, і так ажыўляць сваю папулярнасць. Але мы адмаўляемся, хіба што, гэтыя праекты будуць музычныя і цікавыя нам.
Макс Мельман: Мы да гэтага ставімся ідэйна. Лічым, што вядомасць і папулярнасць ты мусіш сабе здабываць тым, што ты робіш. А робім мы тое, што бярэм у рукі гітары і граем свае песні. І хочам менавіта гэтым заваяваць сэрцы і вушы слухачоў. А не тым, што мы скокнем з вышкі ў ваду з трампліна, ці нечым такім.
Пра міжнародную вядомасць і “Еўрабачанне”
Еўрарадыё: Даводзіцца чуць, што недахоп беларускіх гуртоў, што яны мала вядомыя па-за межамі Беларусі. Ці вялікая гэта бяда, быць вядомым толькі ў сваёй краіне?
Алег Аляксееў: Гэта несправядліва!
Макс Мельман: Калі ты адчуваеш сябе камфортна, калі табе хапае межаў тваёй краіны, калі ты ў ёй вядомы, ты патрэбны людзям, то калі няма іншых амбіцый, гэтага хапае. Калі ў цябе ёсць амбіцыі, як у нас, то таксама: наперад! Бяры і рабі! Нам цікавы беларускі, расійскі рынак. Нам цікава ездзіць з канцэртамі, у нас куча сяброў і слухачоў. Таму мы ездзім з канцэртамі да суседзяў, не закідваючы пры гэтым літоўскі рынак.
Еўрарадыё: Як у Літве ставяцца да конкурса “Еўрабачанне”? Бо ў нас гэта нейкі нацыянальны псіхоз!
Макс Мельман: Гэта сапраўды было для нас такім псіхозам, усе глядзелі… Цяпер гэта ўжо не ў той ступені.
Алег Аляксееў: Гэта таму, што апошнія месцы займаем! Крый Божа, цяпер 5-6 месца заняць, і зноў будзе псіхоз!
Макс Мельман: Як да яго ставяцца выканаўцы Па-рознаму. Ёсць такі сегмент выканаўцаў, якія стала ўдзельнічаюць. Наша стаўленне такое: ок, можа быць, як любы іншы конкурс. Але сябе мы там не бачым, гэта не наша.
Фота гурта Biplan