Літовец "акасеў" паміж двума пунктамі пропуску на літоўска-беларускай мяжы
Нецвярозы вандроўнік спрабаваў перасячы літоўска-беларускую мяжу 4 студзеня ў пункце пропуску "Каменны Лог".
44-гадовы грамадзянін Літвы, нібыта, без праблем прайшоў пашпартны кантроль у сябе дома і пешшу накіраваўся ў Беларусь. Аднак да беларускага пункта пропуску ён дабраўся ўжо вельмі п'яным, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта.
Нецвярозы мужчына спрабаваў падсесці ў аўтамабілі, якія праязджалі міма, але ніхто не хацеў браць да сябе п'янага спадарожніка. Гэта вельмі злавала няўдалага вандроўніка, і ён нецэнзурна лаяўся.
Мужчына не рэагаваў на заўвагі памежнікаў. Таму яго затрымалі і даставілі ў міліцыю.
За дробнае хуліганства і непадпарадкаванне літоўца аштрафавалі на 3 млн 150 тысяч рублёў (15 базавых велічыняў).
Фота: fishki.lv