Літва прыме рашэнне аб стварэнні дадатковага пункту пропуску на мяжы з Беларуссю
Дадатковы міжнародны пункт пропуску можа з’явіцца на беларуска-літоўскай мяжы. 13 снежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адобрылі планы па наданні такога статусу пераходу ў Лошы, які размешчаны непадалёк ад “Каменнага лога”.
"Гэта аблегчыць рух нашых грамадзян і грамадзян сумежнай краіны праз пункт пропуску "Каменны лог", які выклікае ў грамадзян пытанні ў сувязі з наяўнасцю вялікіх чэргаў. Пункт пропуску "Лоша" знаходзіцца ад яго ў непасрэднай блізкасці і возьме на сябе паток легкавога транспарту і іншых транспартных сродкаў", ― цытуе tut.by словы першага намесніка старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Ігара Буткевіча.
Сёння пункт пропуску Лоша-Шумск працуе ў спрошчаным рэжыме, праз іх могуць ездзіць толькі жыхары, якія маюць рэгістрацыю ў навакольных населеных пунктах. Размовы аб наданні Лошы статуса міжнароднага пункта вяліся даўно, аднак дагэтуль ён станавіўся такім толькі на час навагодніх святаў у пачатку 2016 года. Як паведамілі Еўрарадыё ў Мытнай службе Літвы, аб планах зрабіць пункт пропуску ў Лошы і Шумску міжнародным там ведаюць. Аднак канчатковае рашэнне аб гэтым з літоўскага боку будзе прымаць Міністэрства замежных спраў. Аднак калі гэта адбудзецца, пакуль невядома.