Літва закупляе дроны для барацьбы з кантрабандай цыгарэт з Беларусі
Дрон, ілюстрацыйнае фота
Міністэрства ўнутраных спраў Літвы мае намер закупіць 70 дронаў і 57 антыдронаў для барацьбы з кантрабандай цыгарэт з Беларусі. Цяпер у літоўскіх памежнікаў ёсць толькі 42 дроны і 7 антыдронаў. Акрамя таго сама служба будзе ўзмоцнена — з'явіцца 388 дадатковых пазіцый. Пра гэта распавялі ў літоўскім МУС.
Там адзначылі, што пасля ўстаноўкі рэнтгенаабсталявання на памежным чыгуначным пункце Кена і закрыцці памежнага пункта Стасілас буйная кантрабанда, якая перавозілася па чыгунцы, "была ў значнай ступені ўзятая пад кантроль".
"Цяпер галоўнай праблемай застаецца дробная кантрабанда", — кажа міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ. Пры гэтым яна адзначыла, што, дзякуючы тэхнічнаму ўзмацненню мяжы і ўкараненню новых алгарытмаў разведкі, кантрабандыстам становіцца ўсё цяжэй весці сваю дзейнасць.
У МУС таксама распавялі, што з пачатку года літоўскія памежнікі затрымалі кантрабандных цыгарэт на суму больш за 9,3 мільёна еўра, а мытнікі — на суму больш за 42 млн еўра. Пры гэтым ільвіная доля кантрабанды (95%) ішла з Беларусі. Больш за палову гэтых цыгарэт спрабавалі завезці ў Літву праз памежныя пункты пропуску, яшчэ 33% — праз зялёную мяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.