Літвіна: З часоў паходу музыкаў у Адміністрацыю шмат чаго змянілася

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна расказала Еўрарадыё, якім чынам дабілася ад кіраўніка ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта згоды на сустрэчу, якая сістэма праходу ў гэты звышахоўваемы будынак і якія патрабаванні выказала падчас сустрэчы. - Чаму ўзнікла ідэя і патрэба дабівацца сустрэчы з кіраўніком Упраўлення ідэалогіі Адміністрацыі прэзідэнта Янчэўскім?

- Калі ў верасні "Белпошта" пачала складаць каталог друкаваных выданняў, стала зразумела, што туды ў чарговы раз могуць не патрапіць нашыя недзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні. Нашыя калегі з рэгіёнаў пацвярджалі інфармацыю, што на месцах аддзяленні і "Белпошты", і "Белсаюздруку" не супраць прымаць газеты да рэалізацыі. Але на ўсе пытанні рэдактараў яны адказвалі, што ўсе праблемы наверсе, у Адміністрацыі. Таму Праўленне БАЖу вырашыла, што варта звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта, адразу да кіраўніка Упраўлення ідэалогіі. І нейкім чынам паспрабаваць вырашыць праблему блакады на распаўсюд недзяржаўнай прэсы. Мы звярнуліся туды пісьмова, але больш за месяц адказу не было. А потым на ХІ Мінскім форуме прагучалі словы Ўладзіміра Макея пра тое, што пазітыўныя крокі будуць і на медыйным рынку. Літаральна на наступны дзень мы накіравалі іншы зварот, падпісаны 12 рэдактарамі газет. Сутнасць звароту была ў тым, каб ён паспрыяў вяртанню газет у прававое поле.

- Наколькі я ведаю, не з дапамогай лістоў выбілі вы згоду на сустрэчу...


- У панядзелак праходзіў круглы стол, прысвечаны рэгуляванню Інтэрнету. Там прысутнічаў і выступаў Усевалад Янчэўскі. Не скарыстаць такую магчымасць, каб звярнуцца наўпрост з прапановай аб сустрэчы, было б не мудра. Нам паабяцалі, што такая сустрэча адбудзецца цягам тыдня. І сапраўды – ужо ў сераду сустрэча адбылася.

– Як успрыняў ваш наўпроставы зварот Янчэўскі? Можа, сумеўся?

– Ужо прайшла інфармацыя пра вяртанне “Народнай волі” і “Нашай нівы”. Канечне, гэта таксама было штуршком, і сітуацыя з гэтымі двума выданнямі спрыяла нашай спробе наладжвання дыялогу і надалей.

– Тое, што на сустрэчу пайшлі вы і ваш намеснік Андрэй Бастунец – чыё гэта было рашэнне?


– Нашае. Ніякіх дадатковых праблем з гэтым не ўзнікла. Мне вельмі хацелася, каб на сустрэчы быў Андрэй Бастунец. Ён юрыст вельмі высокай кваліфікацыі. Калі б раптам узніклі пытанні, звязаныя з заканадаўствам, я б адчувала сябе больш упэўнена, калі побач чалавек, які вельмі добра ведае беларускае заканадаўства.

– Кажуць, што ў Адміністрацыі вельмі не проста з прапускной сістэмай. Як праходзіў ваш дагляд?

– Я добра знаёмая з прапускнымі сістэмамі ў еўрапейскіх інстытутах. Па вялікім рахунку,нічым не адрозніваюцца ўмовы, калі імкнешся патрапіць у Адміністрацыю прэзідэнта ад умоў і працэдур, якія праходзіш, напрыклад, у будынках Савета Еўропы альбо Еўрапарламента. Ёсць бюро пропускаў, і калі на цябе пропуск замоўлены, то працэдура займае літаральна некалькі хвілін. Тое самае было і тут. Нейкага пільнага дагляду, які б абразіў пачуццё ўласнай годнасці, не было.

– Перад дзвярыма высокага чыноўніка якія былі пачуцці?

– Гэтыя пачуцці заўсёды залежаць ад самога чалавека. Калі ты ведаеш, што праўда на тваім баку, калі ты не просіш нешта, а імкнешся быць зразумелым і ведаеш, што дзейнічаеш у межах закона, то пачуццяў прыніжэння, прынамсі, у мяне, не было і няма. У мяне няма пачуцця “прасіцеля”.

– Пра што найперш ішла гаворка?

– Першае і самае галоўнае – калі дзве газеты вызваленыя з палону, то ўсё адно палітыка дыскрымінацыі застаецца ў дачыненні да больш чым 15 рэгіянальных і агульнарэспубліканскіх выданняў. Як быць: прайшла палова тэрміну падпіскі. Пасля мы казалі пра іншыя нашыя балючыя праблемы. Гэта праблема доступу да інфармацыі. Бо сёння немагчыма атрымліваць інфармацыю ад чыноўнікаў, якія, прыкрываючыся законам “Аб дзяржаўнай службе”, маюць права адмаўляць журналістам. Прычым гэта тычыцца не толькі недзяржаўных журналістаў, але і ўсіх, якія працуюць у нашай дзяржаве. І, канечне, казалі пра сітуацыю, якая сёння склалася з акрэдытацыяй журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ. Яна ў нашай краіне і так не нармальная, а яшчэ больш пагоршыцца, калі 8 лютага пачне дзейнічаць новы закон “Аб СМІ”, дзе прапісана, што акрэдытацыя – гэта свайго роду дазвол на прафесію, а не механізм, які існуе для спрыяння журналісцкай дзейнасці. І тэма прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі ўзнімалася. Бо што мы маем? Практыку прымянення закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”. Апошнія падзеі, звязаныя з ARCHE, зарэгістраваным, дарэчы, выданнем, выклікаюць пачуцці абурэння. Мы былі ўважліва выслуханыя і быў цэлы шэраг пытанняў, якія ўдакладнялі падзеі, звязаныя з нашымі ініцыятывамі. Нам было прапанавана падрыхтаваць маніторынгавыя даведкі. Што ўжо было зроблена і перададзена ў Адміністрацыю прэзідэнта.

– Акрамя прапановы падрыхтаваць маніторынгавыя даведкі па ўзнятых вамі пытаннях, былі нейкія абяцанні?

– Я не думаю, што ўсе ўзнятыя намі праблемы імгненна вырашацца, напрыканцы дня альбо праз тыдзень. Ва ўсіх гэтых праблемах задзейнічаная цэлая сістэма кіраўнікоў, прадпрыемстваў і гэтак далей. Гэта запатрабуе пэўнага часу, звязанага з удакладненнямі, з прыняццямі рашэнняў. Я не думаю, што гэтая дзяржаўная машына зможа падпарадкавацца імгненна каму-небудзь яшчэ, акрамя кіраўніка дзяржавы. Ад гэтага нікуды не дзенешся. Цудаў у жыцці проста не бывае. І няма ніякіх ілюзій наконт таго, што ўвесь пакет нашага звароту атрымае толькі станоўчыя рашэнні. Хутчэй, у нечым яны будуць "палавінчатымі". Але тое, што нас выслухалі – станоўчы момант.

– Год таму, калі да галоўнага ідэолага схадзілі рок-музыкі, гэта выклікала шмат негатыўнай рэакцыі. Не думалі, што і ваш паход у Адміністрацыю будзе ўспрыняты гэтаксама са скепсісам і негатывам?


– Тыя людзі, якія лічаць, што сітуацыя наша застаецца нязменнай, відаць, усё ж такі памыляюцца. Таму, што агульнапалітычная сітуацыя мяняецца. Сёння ёсць падмурак для таго, каб наша ўлада рабіла такія крокі. Пад прымусам, пад ціскам абставінаў, звязаных, нават, з эканамічнай сітуацыяй. Але тое, што сітуацыя пачала рухацца, што яна размарозілася, для мяне гэта зразумела. Тая рэакцыя, якая была на паход музыкаў, відаць, выкліканая тым, што перадгісторыі ў паходу не было. Год таму нашая дзяржава па-іншаму ўяўляла сабе знешнепалітычныя стасункі. За гэты год шмат што змянілася. Выспела, напэўна, сама сітуацыя. Я лічу, што кіраўніцтва БАЖу павінна зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб праблемы, звязаныя з эканамічнай дыскрымінацыяй нашых калегаў, з распаўсюдам прэсы, павінны быць вырашаны. У нас было 3 гады. Мы звярталіся ў міжнародныя журналісцкія арганізацыі нашыя партнёрскія, шукалі падтрымкі, салідарнасці, рэакцыі на гэтую праблему. Мы звярталіся ў Мінінфармацыі, адкуль на працягу 3 гадоў атрымлівалі абсалютна іранічныя і няшчырыя адказы, што гэта ўсё “ўзаемадзеянні і стасункі суб’ектаў гаспадарання”. Гэтая праблема была закансерваваная і замарожаная, і нейкіх рэальных шляхоў для яе вырашэння нідзе не назіралася. Зараз сітуацыя змянілася. Вельмі важным штуршком стала гатоўнасць вярнуць “Народную волю” і “Нашу ніву” ў сістэму распаўсюду. Гэта дае надзею на тое, што астатнія нашыя выданні таксама патрапяць аднойчы і ў шапікі, і ў каталог "Белпошты".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі