Л.О.М. “ЛОМстальгия”
Пяты па ліку альбом бізнэсоўца Яўгена Салдаценкі і кампаніі.
Заўсёдна натхнёны, неўтаймаваны і няспынны бізнэсовец Яўген Салдаценка запісаў чарговы альбом. Пяты па ліку. Гэтым разам ён вырашыў адмовіцца ад рэстаранна-шансонных матываў і падаўся ў блюз-рок. На дапамогу ў рэалізацыі блюз-рокавай задумы былі выкліканыя музыкі гурта “Крама”. У выніку гучанне некаторых песень, напрыклад, “Не пой мне, детка”, “аддае” сапраўднай “Крамай”, толькі не хапае энергічнага і беларускамоўнага Варашкевіча на вакале.
Увогуле, калі ўлічыць, што другім па важнасці чалавекам у запісу альбома “ЛОМстальгия” стаў гітарыст “Крамы” і “Палацу” Сяргей Трухановіч, становіцца зразумелай і стылістычная вытрыманасць пласцінкі, і яе тэкставая культурнасць, і новы подых твораў Салдаценкі. Трухановіч, як вядома, — аматар “тэхнічна няпростых рэчаў і асэнсаваных нот”. Вось толькі чамусьці да звядзення музыканты ды гукарэжысёр вырашылі падысці крыху “па-старыкоўску”, прыглушыўшы інструменты і занадта высунуўшы наперад вакал. Таму запіс гучыць трошкі дзіўнавата.
Варта зазначыць, што, пачынаючы альбомам “ЛОМстальгия”, Салдаценка натрапіў на добрую ідэю: разбаўляць звычайны “Л.О.М.'аўскі” акампанемент-склад (Анцішын і кампанія) музыкамі з боку. Таго і глядзі, што праз год чарговы дыск музыку-бізнэсоўцу запішуць стадыённыя бубначы Дзіма Харытановіч ці Антон Мацулевіч, гітарысты Сяргей Канановіч ці Яўген Бузоўскі, басісты Улад Плюшчаў ці Юрась Ляўкоў. І заспявае Яўген Салдаценка ў духу, чаго добрага, актуальнага року. Дарэчы, наконт "заспявае". Тут, у “ЛОМстальгии”, наш спявак часам кідаецца ў нейкія шэпты. А вакал можна было б і разнастаіць, тым больш, што на бэках у камандзе Салдаценкі спявае адна з найбольш таленавітых мінскіх выкладчыц спеваў Іна Перасецкая.
Салдаценка спявае пра сум, каханне, сяброў, прыродныя катаклізмы, душэўныя сумневы і радасці. Вось толькі пытанне, для каго спявае Яўген, па-ранейшаму застаецца без адказу. У “Л.О.М.'а” ёсць дыскі і кліпы. А канцэртаў няма. А раз няма канцэртаў, значыць няма попыту на музыку. Хоць, зрэшты, 50-гадовыя аматары блюз-року ды старых гуртоў альбом “ЛОМстальгия” павінны ацаніць: у любым выпадку — для некага гэта будзе душэўна!