Лукашэнка "абсалютна падтрымлівае" сустрэчу Зяленскага і Пуціна ў Мінску
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка "абсалютна падтрымлівае" прапанову ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага пра сустрэчу ў Мінску, падчас якой будзе абмяркоўвацца вайсковы канфлікт на усходзе Украіны. Пра гэта паведамляе прэс-служба Лукашэнкі на сваім сайце.
Паводле афіцыйнага паведамлення, Лукашэнка ўжо знаёмы з заявай Зяленскага. Нагадаем, што ўкраінскі лідар прапанаваў арганізаваць у Беларусі міжнародную сустрэчу з удзелам кіраўнікоў Украіны, Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі. Прэс-служба адзначае, што "нічога новага ў палітыцы прэзідэнта Беларусі, у яго стаўленні да канфлікту ва Украіне няма", тамуЛукашэнка падтрымлівае ідэю такога саміта.
"Што тычыцца агучаных прапановаў па ўдзельніках сустрэчы, то ўсе напэўна памятаюць — прэзідэнт нашай краіны неаднаразова казаў, што "гэту праблему павінны вырашыць мы — тры славянскія народы. Не еўрапейцы, не амерыканцы, а менавіта мы, каб яна не была замарожаная на прыклад іншых гарачых кропак на постсавецкай прасторы", — сказана ў заяве.
"Але калі вырашыць праблему ў такім фармаце не атрымліваецца, і адзін з бакоў канфлікту — у гэтым выпадку Украіна — настойвае і прапаноўвае ўдзел і іншых гульцоў, ты такі фармат падтрымліваем таксама… Пагатоў што і пра ўдзел ЗША ў вырашэнні гэтага канфлікту Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно казаў — без амерыканцаў выоашыць гэту праблему будзе складана, ужо занадта яны ўнураныя ў гэтыя працэсы", — адзначаецца ў паведамленні.