Лукашэнка будзе гуляць супраць пераемніка Пуціна?

Па меркаванні экспертаў, у прэзідэнта Беларусі ёсць дзве рэальныя стратэгіі паводзінаў: змяніцца эканамічна самому ці змяняць Расію палітычна. На што шанцаў больш? Мяркуйце самі! У “Аглядзе знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі”, апублікаваным 28-га сакавіка, расійскі МЗС афіцыйна агучыў намер перайсці на рынкавую аснову ў эканамічных сувязях з краінамі СНД – у тым ліку і з Беларуссю.

“Фаварытызм” у дачыненні асобных партнёраў не толькі супярэчыць агульнапрынятай сусветнай практыцы, але і скажае працэсы іх унутранага развіцця, зніжае стымулы да структурнай перабудовы эканомік”
, – пастулююць свае знешнепалітычныя прынцыпы расійскія дыпламаты.

Кажуць, што менавіта дакумент з расійскага МЗС, а не інсінуацыі незалежнай прэсы наконт яго хваробы прымусілі Аляксандра Лукашэнку перапыніць свой загадкавы двухтыднёвы адпачынак і нарэшце з’явіцца на людзях. Але адпачынак – гэта не цягнік сучаснасці, мяркуе Аляксандр Фядута.

Аляксандр Фядута: “Затармазіць цягнік рынкавых адносінаў немагчыма”.

Маскоўскі паліттэхнолаг Ігар Мінтусаў таксама звярнуўся да метафары цягніка – з невялікімі, але цікавымі ўдакладненнямі:

Ігар Мінтусаў: “Рынкавы цягнік спыніць вельмі складана. А пытанне ў тым, у якім вагоне будзе ехаць прэзідэнт Беларусі. У пярэднім, разам з машыністам, ці ў вагоне-рэстаране, ці будзе ехаць у прычапным закратаваным вагоне… гэта такі жарт”.

Мяркуючы па выказваннях, якія Аляксандр Лукашэнка дазволіў сабе падчас свайго апошняга на гэты момант публічнага выступу на Мінскай фабрыцы гародніны, беларускі прэзідэнт лічыць, што эканамічныя непаразуменні паміж Расіяй і Беларуссю можна вырашыць іншым шляхам, чым пераход на рынкавыя адносіны.

Аляксандр Фядута, лічыць спадзевы Лукашэнкі могуць быць звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі, што павінны адбыцца ў Расіі ўвесну 2008-га.

Аляксандр Фядута: “Пытанне не ў тым, хто пераможа ці хто прайграе ў будучай кампаніі ў Расіі. Пытанне ў тым, наколькі моцным будзе гэты чалавек”.

Сапраўды, калі пераемнік Пуціна пераможа з вялікім адрывам, яго легітымнасць будзе высокая, і ён здолее працягваць той курс, які лічыць патрэбным сённяшняя крамлёўская адміністрацыя. Курс на рынкавыя адносіны з суседзямі, які не задавальняе прэзідэнта Беларусі.

Аляксандр Фядута: “Я думаю, што Лукашэнку задавальняе слабы пераемнік. Пераемнік, які будзе не ў стане змагацца з ім. Справа ў тым, што легітымнасць Лукашэнкі ў значнай часткі расійскага электарата надзвычай высокая. Ён ідэйны спадчыннік Савецкага Саюзу. Менавіта за гэтыя “неасаўковыя” галасы ён і збіраецца змагацца”.

На думку Ігара Мінтусава, здагадка пра тое, што ў 2008-м Аляксандр Лукашэнка будзе падтрымліваць апазіцыю Крамля, мае права на жыццё. Праўда, магчымасці беларускага прэзідэнта ў расійскай палітыцы Ігар Яўгенавіч ацэнівае як мізэрныя:

Ігар Мінтусаў: “Якое электаральнае прырашчэнне можа даць Лукашэнка суперніку пераемніка ВВП? Улічваючы, што гэта іншая краіна… Маральная, хутчэй за ўсё, падтрымка. Душой Лукашэнка будзе хварэць за суперніка”.

На думку экспертаў, каго менавіта падтрымае Лукашэнка, – непрынцыпова. Улічваючы пазначаную спадаром Федутам “неасаўковую” ідэалагічную платформу беларускага лідэра, хутчэй за ўсё, гэта будзе старшыня Камуністычнай партыі Расіі Генадзь Зюганаў.

Толькі два месяцы таму, падчас сустрэчы ў Мінску “дзядуля Зю” назваў “разлікі” ў саюзных адносінах Беларусі і Расіі “непрымальнымі”, такім чынам, падтрымаўшы ранейшае – датацыйнае будаўніцтва саюзнай дзяржавы з мінулагоднімі коштамі на нафту і газ.

Нельга выключаць і варыянт з Дзмітрыем Рагозіным і яго новай партыяй “Вялікая Расія” – хаця на Мінскай фабрыцы гародніны Аляксандр Лукашэнка назваў яго “дзівацтвам і гульнямі, якія не ідуць на карысць Беларусі”.

Цалкам верагодна, што ва ўмовах, у якія ставяць яго новыя прыярытэты расійскай знешняй палітыкі, беларускі прэзідэнт нарэшце вырашыцца на рэфармаванне постсавецкай эканамічнай сістэмы, якая апраўдвала сябе ва ўмовах шчыльнай фінансавай падтрымкі з боку Расіі. Прынамсі, Ігар Мінтусаў лічыць такі варыянт рэальным.

Ігар Мінтусаў: “Досвед іншых краін – і найперш Кітая – сведчыць пра тое, што няма супярэчнасцяў паміж рынкавымі эканамічнымі рэформамі і аўтарытарным палітычным кіраваннем.

Лукашэнка дастаткова разумны, каб зразумець, што ў межах гэтай мадэлі ён можа рухацца наперад. Лукашэнка прафесійны палітык, і таму ён будзе трансфармавацца ў той бок, які будзе дазваляць яму заставацца на грэбні хвалі ці пэўнага працэса.

Таму ён можа трансфармавацца на аўтамаце ліберальнага палітыка – чаму не? – пры ўмове, што гэта будзе забяспечыць яму кантроль над асноўнымі фінансавымі плынямі ў краіне”.


Нашмат больш жорсткі прагноз выдае наконт магчымай спробы рэфармавання беларускай эканомікі Аляксандр Фядута. Дазвольце мне скончыць ім свой сённяшні матэрыял.

Аляксандр Фядута: “Рэформа сістэмы азначае знішчэнне сістэмы і стварэнне новай, альтэрнатыўнай. Пуцін фактычна знішчыў ельцынскую сістэму кіравання дзяржавай.

Для таго каб рэфармаваць беларускую сістэму, неабходна знішчыць тую, што ёсць – створаную Лукашэнкам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі