Лукашэнка дамагаецца, каб беларусы больш ацяплялі і гатавалі электрычнасцю
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе / president.gov.by
Саўмін Беларусі разам з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам распрацуе праграму, скіраваную "на істотнае павелічэнне электраспажывання для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і харчовых прадуктаў". Пра гэта 1 ліпеня распарадзіўся Аляксандр Лукашэнка.
У падпісаным ім распараджэнні №119 "Аб дадатковых мерах па рашэнні актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва", у прыватнасці, сказана пра спецыфічныя ільготы, на якія гатовыя пайсці ўлады. Ільготныя ўмовы будуць пашыраныя для тых, хто ацяпляе электрычнасцю жылыя памяшканні і садовыя дамкі (дачы).
Акрамя таго, у Беларусі павінны быць створаныя "найбольш спрыяльныя ўмовы" з мэтай паўсюднага развіцця электратранспарту. "З улікам сусветнага вопыту".
У Беларусі блізкае да завяршэння будаўніцтва атамнай электрастанцыі пад Астраўцом. Нядаўна яе запуск чарговы раз перанеслі — на 2021 год. Але гэта ўсё роўна хутка.
Пакуль жа наша краіна вырабляе электраэнергію з вуглевадародаў, якія закупляюцца пераважна ў Расіі. У асноўным — з прыроднага газу. Яго кошт рэгулярна становіцца прычынай канфліктаў.
Гэты год — не выключэнне. "Газпрам" пастаўляе Беларусі газ па 127 даляраў за 1000 кубаметраў — гэта прадугледжана кантрактам. Між тым, на сусветных рынках цана на газ істотна знізілася ўслед за падзеннем цэныў на нафту. Аднак расійская кампанія адмаўляецца зніжаць цану для Беларусі.