Лукашэнка даручыў ураду шукаць альтэрнатыўныя шляхі паставак нафты
Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду шукаць альтэрнатыўныя шляхі паставак нафты. 10 студзеня ён правёў нараду, прысвечаную сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны ў 2019 годзе і "падыходам да далейшага развіцця інтэграцыйных накірункаў". Нафту можна было б пастаўляць на мадэрнізаваныя беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы праз парты краін Балтыі (літоўскія ці латвійскія), мяркуе беларускі кіраўнік. "Перапрацоўчаць на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе і забяспечваць балтыйскія рэспублікі", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. Кіраўнік дзяржавы не выключае, што Літве і Латвіі будзе выгадна набываць нафтапрадукты ў Беларусі ("Можна дамовіцца так, што гэта будзе наша агульная нафта").
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не трэба панікаваць з-за стратаў беларускага бюджэту з-за падатковага манеўру ў Расійскай Федэрацыі, а шукаць надзейныя крыніцы, якія б іх кампенсавалі. Пры гэтым папярэдзіў урад, каб гэтыя праблемы не перакладваліся на плечы беларусаў.
"Не трэба лічыць, што гэта катастрофа, — гаварыў Лукашэнка. — Калі абярэ кіраўніцтва Расіі такі шлях руху і страту адзінага саюзніка на заходнім накірунку, гэта іх выбар. Мы ж іх прымусіць не можам".
Па словах беларускага кіраўніка, з 2015-га, з часу ўвядзення падатковага манеўру, наша краіна страціла 3,6 млрд долараў. А да 2025 года можа страціць яшчэ $10,6 млрд.
Як вядома, у мінулыя гады падчас цяжкіх перамоваў з Расіяй з-за нафтавага пытання нафтаперапрацоўчым заводам у Мазыры і Наваполацку часам не хапала сыравіны, каб працаваць у поўную моц. Тады Лукашэнка падымаў пытанне альтэрнатыўных паставак нафты — з Венесуэлы і Ірана.
Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 10.01: